Лаўроў пасмяяўся з Сікорскага
Міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргея Лаўрова рассмяшылі словы кіраўніка МЗС Польшчы Радаслава Сікорскага аб завярэннях расійскага боку ў немагчымасці паўтарэння сцэнара ўключэння ў склад Расеі іншых тэрыторый так, як гэта было ў сакавіку гэтага года з Крымам.
Пра гэта паведамляе польская Gazeta Wyborcza.
«Мы маем запэўненні, што крымскі сцэнар не паўторыцца», — сказаў учора ў Санкт-Пецярбургу Сікорскі. Аднак кіраўнік расійскага МЗС у адказ на гэтыя словы тут жа публічна «гучна засмяяўся».
Кіраўнікі МЗС у Санкт-Пецярбургу бралі ўдзел у чарговым пасяджэнні так званага «Калінінградскага трохкутніка» — традыцыйнай сустрэчы міністраў Нямеччыны, Польшчы і Расіі. Сёлета на ім, у прыватнасці, абмяркоўвалі пытанне аб сітуацыі ў Украіне.
Пазней Лаўроў пахваліў гутаркі з еўрапейскімі міністрамі за «канструктыўнасць» і назваў іх «надзвычай патрэбнымі», але адзначыў, што бакам не ўдалося дасягнуць згоды.