БЕЛ Ł РУС

Макей даў інтэрв'ю незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН

11.06.2014 / 10:22

У Беларусі не адчуваюць эйфарыі з нагоды падпісання дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС), заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей у інтэрв'ю БелаПАН.

«Эйфарыі з гэтай нагоды мы не адчуваем, таму што дагавор у той форме і ў тым выглядзе, у якім ён цяпер быў падпісаны, не адпавядае таму дагавору, які быў прадэклараваны ўсімі бакамі раней», — адзначыў ён. 

«Меркавалася, што гэта будзе дагавор без усякіх выключэнняў і абмежаванняў у шэрагу адчувальных сфер — гэта нафта, газ, медыцынскія і лекавыя сродкі, аўтаперавозкі, паслугі, шэраг іншых важных сфер, дзе пакуль захаваліся выключэнні і абмежаванні. Беларусь была гатовая пайсці на адпаведныя крокі насустрач нашым партнёрам. Але, на жаль, нашы партнёры не былі гатовыя да таго, каб пайсці на ліквідацыю ўсіх выключэнняў і абмежаванняў ва ўзаемным гандлі», — канстатаваў Макей. 

Ён звярнуў увагу на тое, што агульнай эканамічнай прасторы ў межах гэтага дагавора пакуль яшчэ не існуе:

«Пакуль гаворка ідзе пра асобныя рынкі трох краін з адпаведнымі выключэннямі і абмежаваннямі. Таму замест таго, каб адбіць гэтыя дамоўленасці на трохбаковай аснове, мы вымушаны былі пайсці на заключэнне дамоўленасцяў на двухбаковай аснове». У той жа час, адзначыў Макей, ніхто не можа гарантаваць, што ў будучыні не адбудзецца якіх-небудзь збояў. «Але ў нас ёсць выразныя дамоўленасці, увасобленыя ў прававую юрыдычную форму, якія дазваляюць нам спакойна глядзець на наша супрацоўніцтва ва ўсіх адчувальных сферах», — заявіў ён. 

Тлумачачы, чаму Беларусь падпісала дагавор, якім была незадаволеная, Макей адзначыў: «Гутаркі не могуць працягвацца бясконца.

У гэтай сітуацыі важна было пайсці на падпісанне гэтага дагавора. Сам факт яго падпісання быў важны, таму што гэта азначала працяг далейшых нашых інтэграцыйных працэсаў. Мы не маглі тармазіць гэтыя працэсы. Мы ўбачылі, што на гэтым этапе, скажам, пераадолець пазіцыю нашых партнёраў па тых ці іншых пытаннях немагчыма. Таму была знойдзеная кампрамісная формула на гэтым этапе». 

«Калі б мы ўперліся лбом у сцяну і дэманстратыўна заявілі аб непрыманні пазіцыі нашых партнёраў, то гэта было б абсалютна няправільна, — падкрэсліў кіраўнік МЗС.

— Мы, лічу, у гэтай сітуацыі знайшлі кампрамісныя развязкі адчувальных пытанняў. Беларусь паступіла абсалютна карэктна і правільна ў гэтай сітуацыі, зыходзячы зноў-такі з нашых нацыянальных інтарэсаў». 

Макей падкрэсліў, што ў дагаворы аб стварэнні ЕАЭС «выразна прапісаныя этапы станаўлення і вырашэння адчувальных пытанняў, у тым ліку па супрацоўніцтве на рынках нафты і газу». На думку кіраўніка МЗС, Беларусь павінна быць кроўна зацікаўленая ў тым, «каб быць актыўным удзельнікам інтэграцыйных працэсаў, атрымліваць прэферэнцыі і дывідэнды ад гэтага і развіваць сваю эканоміку». 

«Сёння тры чвэрці (паводле даных ААН) сусветнага гандлю ажыццяўляецца праз рэгіянальныя аб'яднанні, — адзначыў міністр. — Калі мы, невялікая дзяржава, хочам выжыць, мы не павінны заставацца ў баку ад інтэграцыйных працэсаў, тым больш тых працэсаў, якія тут у нас ляжаць на паверхні. Думаю, што гэта аксіёма — мы абавязаны ўдзельнічаць у Мытным саюзе і Адзінай мытнай прасторы, у будучым Еўразійскім эканамічным саюзе. Тады гэта прынясе пэўную аддачу для нашай краіны». 

Паводле слоў Макея, Беларусь разлічвае, што ў будучыні «і на Усходзе, і на Захадзе зразумеюць неабходнасць узаемапранікнення эканомік і ЕС, і будучага Еўразійскага эканамічнага саюза, таму што гэта прынясе карысць народам нашых краін».

Кіраўнік МЗС не падзяляе трывогі некаторых экспертаў наконт таго, што пасля падпісання дагавора аб стварэнні ЕАЭС беларускія прадпрыемствы павыкупляе расійскі алігархічны бізнес. «Мы не маем намеру аддаваць на водкуп ніякім алігархам — няхай гэта будзе расійскія, еўрапейскія ці амерыканскія — тое дабро, якое было нажыта шматлікімі пакаленнямі беларускага народа. Гэта — прынцыповая пазіцыя кіраўніка дзяржавы. Думаць, што сюды ў адзін момант прыйдзе расійскі капітал і павыкупляе ўсё на корані, абсалютна няправільна», — падкрэсліў Макей. 

Паводле яго слоў, сутнасць дагавора аб стварэнні ЕАЭС заключаецца ў фарміраванні роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання краін. «Пра канкурэнтаздольнасць думаць трэба, але гаварыць аб тым, што нашы тавары дрэнныя, — гэта зусім не так. Задача заключаецца ў тым, каб пастаянна ўдасканальвацца і не стаяць на месцы. Канкурэнтаздольнасць — гэта такая катэгорыя, пра якую трэба думаць увесь час і ўсюды, няхай гэта будзе Беларусь, ЗША ці Расія», — перакананы кіраўнік знешнепалітычнага ведамства. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула