Аб'яднанне аэрапортаў Грузіі абвергла паведамленні аб спробе ўгону самалёта ў Мінск
Інфармацыя пра тое, што нібыта грамадзянін Грузіі спрабаваў угнаць самалёт, які ляцеў раніцай 10 чэрвеня рэйсам Кутаісі — Мінск, не адпавядае рэчаіснасці.
Аб гэтым паведамляе партал «Навіны-Грузія» са спасылкай на прэс-службу кампаніі «Аб'яднанне аэрапортаў Грузіі».
У прэс-службе кампаніі «Аб'яднанне аэрапортаў Грузіі», куды ўваходзіць і Кутаіскі аэрапорт, заявілі, што ніякай спробы ўгону самалёта не было, але пацвердзілі, што цяпер грамадзянін Грузіі затрыманы супрацоўнікамі КДБ Беларусі.
У прэс-службе Камітэта дзяржбяспекі Беларусі гэтую інфармацыю не каментуюць.
Нагадаем, пра спробу ўгону самалёта, які рухаўся раніцай 10 чэрвеня па маршруце Кутаісі — Мінск, паведаміў КДБ Беларусі. Адзін з пасажыраў адправіў камандзіру самалёта запіску з пагрозай узарваць авіялайнер у выпадку невыканання патрабавання аб змяненні курса палёту ў адну з еўрапейскіх краін. На борце самалёта знаходзіліся 32 пасажыры, у тым ліку дзіця, і чатыры члены экіпажа.
«Дзякуючы прафесійным дзеянням пілотаў у 6.50 указаны борт зрабіў пасадку ў нацыянальным аэрапорце Мінск», — паведаміла прэс-служба КДБ. Прадстаўнікі контртэрарыстычнага ўпраўлення КДБ і групы «А» падняліся на борт авіялайнера і пачалі перамовы з асобай, якая перадала запіску, — грамадзянінам Грузіі 1973 года нараджэння. У выніку перамоў злачынца пагадзіўся пакінуць борт самалёта і ў 8.10 добраахвотна здаўся супрацоўнікам КДБ. Ужо ў 8.15 паветранае судна пакінулі пасажыры і члены экіпажа.
У дачыненні да затрыманага КДБ распачата справа на падставе ч. 2 арт. 311 КК (угон або захоп з мэтай угону паветранага судна).