Хлопец пад наркатой забіў 19-гадовую дзяўчыну для «задавальнення палавой жарсці»
Скончана расследаванне жорсткага забойства.
Труп Алесі знайшоў вартаўнік каля 6.30 раніцы 29 жніўня 2013 каля рэчыцкага Дома творчасці моладзі. На целе забітай эксперты выявілі шматлікія пашкоджанні, у тым ліку сляды ад удараў. У той жа дзень быў затрыманы 19-гадовы раней неаднаразова судзімы мясцовы жыхар.
Забітая Алеся працавала ў рэстаране «Палессе» кандытарам. У тую ноч яна вярталася з дня нараджэння. Правесці яе ўзяўся знаёмы хлопец. Яна была з вёскі Крынкі каля Рэчыцы, дзе жывуць бацькі.
Цяпер следчыя скончылі расследаванне, хлопец знаёміцца з матэрыяламі справы. Ён абвінавачваецца ў забойстве з асаблівай жорсткасцю, злосным хуліганстве, крадзяжы, наўмысным нанясенні цяжкага цялеснага пашкоджання, рабунку, дзеяннях сэксуальнага характару. Аказалася, што ён быў нападпітку і пад наркатой, калі праводзіў Алесю.
«Абвінавачаны з мэтай задавальнення сваёй палавой жарсці з садысцкіх схільнасцяў пачаў наносіць шматлікія ўдары па целу дзяўчыны, пасля чаго насуперак яе волі здзейсніў у адносінах да яе іншыя дзеянні сэксуальнага характару»,
— паведамілі ў Следчым камітэце. І працягваў біць дзяўчыну: пашкоджанні сталі прычынай смерці. Пасля гэтага ён скраў яе рэчы.
Падчас расследавання было праведзена больш за 40 экспертыз. Следчыя таксама выявілі факты іншых злачынстваў, якія абвінавачаны здзейсніў з іншымі асобамі. Знаходзіцца пад вартай.