Расія стварыла лаўкостар «Дабралёт», каб абысці авіяблакаду Крыма
Згодна з міжнароднымі нормамі, у анексаваны Крым рэйсаў замежных кампаній не будзе. Рэч у тым, што самалёт, які туды прыляціць, будзе нон грата ў іншых аэрапортах. Але Расія знайшла выйсце. Яна стварыла кампанію «Дабралёт», дзейнасць якой будзе абмяжоўвацца самой Расійскай Федэрацыяй.
Прычым з выкарыстаннем сучасных маркетынгавых тэхналогій: гэта будзе лаўкостар. Прычым першы расійскі лаўкостар. Раней урад такіх кампаній не дазваляў, каб не падрываць манаполіі «Аэрафлота», але на першы рэйс «Дабралёта» прыехаў асабіста прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў.
Першы рэйс «Дабралёта» ў Сімферопаль адбыўся 10 чэрвеня. Вылет быў з Шарамецьева, куды іншыя «танныя авіякампаніі» не пускаюць. Напачатку будуць два рэйсы ў дзень.
Для Крыма гэта прарыў паветранай блакады. Усё спадзяванне паўвострава цяпер — гэта турысты з Расіі. З іншых краін людзі туды будуць ездзіць мала — і дзеля абмежаванняў, уведзеных Украінай, і з пачуцця пратэсту супраць расійскай акупацыі. Таму ўлады Крыма разлічваюць на «арганізаваных расійскіх турыстаў», прыезд якіх аплацяць «Газпром» і «Роснефть».
Цана білета «Дабаралёта» ў Сімферопаль туды і назад нерэальна нізкая: 190 даляраў у жніўні, на піку турыстычнага сезона.
Пасажыраў першага рэйса на барту паілі шампанскім.