У Беларусі зразаюць «замкі кахання» пасля абвальвання моста ў Парыжы
Мінскія камунальнікі не хочуць, каб агароджы на нашых мастах пад цяжарам замкоў абрынуліся, як на Мосце Мастацтваў ў французскай сталіцы.
Нагадаем, што на пачатку чэрвеня Мост Мастацтваў насупраць Луўра ў цэнтры Парыжа стаў ахвярай маладых. Кавалак кратаў працягласцю каля 2,4 метра зваліўся ў пешаходную зону, бо не вытрымаў дзясяткаў тысяч «замкоў кахання».
Масты ў беларускіх гарадах пакуль не абвальваліся пад цяжарам вясельных замкоў. Аднак камунальнікі вырашылі прыняць меры, паведамляе interfax.by. Напрыклад, на днях у Брэсце адміністрацыя парку «зачысціла» мост на «Востраў закаханых», дзе закаханыя рэгулярна пакідалі замкі. Канструкцыя агароджы не разлічаная на такую нагрузку — метал разбураецца.
У Мінску закаханыя акупавалі масты ў парку Горкага, непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі і ля Вострава слёз. Работнікі УП «Гараўтамост» перыядычна зразаюць там замкі і здаюць у металалом.