Старшынства ў ЕС на паўгода перайшло да Італіі
1 ліпеня старшынства ў Еўрасаюзе на паўгода перайшло ад Грэцыі да Італіі.
Сярод прыярытэтаў старшынства Італіі ў ЕС — эканамічная рэформа кіравання, завяршэнне фарміравання адзінага рынку (перш за ўсё — у лічбавай, энергетычнай сферах) і прынцыпаў энергетычнай палітыкі, пытанні пашырэння Еўрасаюза, міграцыі і міграцыйнай палітыкі, стратэгічнага партнёрства, бяспекі, змянення клімату і ўстойлівага развіцця, паведамляе сайт італьянскага МЗС.
У перыяд старшынства Італіі ў Еўрасаюзе ў Мінску і Рыме спадзяюцца на актывізацыю адносін Беларусі з Еўропай.
Так, прымаючы ў сярэдзіне мая даверчыя граматы ў новага пасла Італіі ў Беларусі Стэфана Б'янкі, Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў:
«Мы зацікаўленыя ў далейшым нарошчванні тэмпаў двухбаковага супрацоўніцтва ва ўсіх фарматах.
Асаблівую значнасць беларуска-італьянскае ўзаемадзеянне набывае з улікам маючага адбыцца ў другім паўгоддзе 2014 года старшынства Італіі ў Еўрасаюзе і стварэння ў 2015 годзе Еўразійскага эканамічнага саюза».
У сваю чаргу Стэфана Б'янкі на прыёме з нагоды нацыянальнага свята Італіі 3 чэрвеня выказаў надзею на актывізацыю дыялогу паміж Мінскам і Бруселем у перыяд італьянскага старшынства ў Еўрасаюзе. «Хацелася б выказаць надзею, што ў гэты перыяд партнёрскі дыялог паміж ЕС і Беларуссю будзе развівацца і мець станоўчы вынік», — сказаў кіраўнік італьянскай дыпламатычнай місіі.