Афіцыянтка ў Баранавічах на чаявыя купіла машыну і матацыкл
33-гадовая дзяўчына, якая працуе афіцыянткай у Баранавіцкім раёне і афіцыйна зарабляе каля 5,5 млн рублёў у год (прыкладна 450 тыс. у месяц), прыцягнула ўвагу падатковай пасля таго, як ёй у 2013 годзе прыгналі з-за мяжы аўтамабіль амаль за 20 тыс. даляраў з улікам размытнення і матацыкл за 1,7 тыс. даляраў.
На пытанне супрацоўнікаў падатковых органаў, адкуль грошы на такія дарагія пакупкі, дзяўчына патлумачыла, што назбірала на іх з чаявых.
Вось толькі пацвердзіць той факт, што ў Баранавіцкім раёне на чаявых можна зарабіць амаль 2 тысячы даляраў у месяц, ёй не было чым.
За жыццё не па сродках дзяўчыну абавязалі выплаціць падаходны падатак амаль 24 млн рублёў.
Каб назбіраць такую суму з афіцыйнай зарплаты, ёй давялося б працаваць амаль 4,5 года. Ну а калі кліенты будуць усё гэтак жа шчодрыя, яна кампенсуе свае выплаты падатковай за 1,5 месяца.