Суд над «беларускім шпіёнам» у Літве будзе адкрытым
Delfi.lt
Абвінавачаны ў шпіянажы на карысць Беларусі Рамуальд Ліпскі, які да арышту працаваў электрыкам на прадпрыемстве Oro navigacija, адмаўляе, што здрадзіў Літве.
«Вядома, я не прызнаюся, гэта правакацыя», — сказаў журналістам 57-гадовы Ліпскі. На пытанне, хто, на яго думку, арганізаваў правакацыю, ён адказаў: «Улада, органы бяспекі».
Калегія трох суддзяў Віленскага акруговага суда ў пятніцу пачала разглядаць крымінальную справу, паводле якой Ліпскі абвінавачваецца ў шпіянажы.
Пракурор Генеральнай пракуратуры Рэдас Савіцкіс папрасіў суддзяў весці закрытыя пасяджэнні, а адвакат абвінавачанага Снегуоле Мажэйкене — адкрытыя.
Тлумачачы, чаму неабходныя закрытыя пасяджэнні, пракурор адзначыў, што ў справе шмат копій дакументаў, аўдыёзапісаў, у перадачы якіх службовай асобе беларускай разведкі абвінавачваецца Ліпскі.
«На адкрытых пасяджэннях гэтая інфармацыя стала б публічнай, з ёй маглі б азнаёміцца не толькі ўдзельнікі працэсу, акрамя гэтага, былі б апублікаваныя спосабы і метады разведкі, тактычныя дзеянні», — сказаў Савіцкас.
Адвакат Ліпскага адзначыла, што ўсе схемы, у перадачы якіх абвінавачваецца работнік Oro navigacijos, з'яўляюцца публічнай інфармацыяй, яе лёгка можна знайсці ў інтэрнэце.
На адкрытым пасяджэнні настойваў і Ліпскі. «Я вельмі хачу, каб пасяджэнне было адкрытым, бо сваю віну не прызнаю — я размаўляў з беларусам, але гэтая інфармацыя не сакрэтная,
— Ніхто мяне не завербаваў, не разумею, калі Дэпартамент дзяржбяспекі назіраў за мной столькі часу, чаму не зафіксавана, што мне і маёй сям'і пагражалі. Я хачу, каб Літва ўбачыла, як да нас прыязджаюць беларусы. ДДБ сачыў за гэтым чалавекам, ведаў, што ён прыстаў да мяне, але нічога не рабіў. У мяне ёсць што расказаць».
Суддзя Юргіта Мачоніте паведаміла, што пасяджэнні будуць адкрытымі, за выключэннем тых, на якіх будуць дапытваць трох сведкаў.
Пракурор Савіцкас на судзе сказаў, што Ліпскі перадаваў інфармацыю работніку беларускай разведкі Сяргею К. Па словах Савіцкаса, у Ліпскага шмат кантактаў у Беларусі і Расіі, ён часта ездзіў у гэтыя краіны.
Паведамляецца, што супрацоўнік кампаніі Oro navigacijos таемна фатаграфаваў дакументы і іншыя аб'екты і перадаваў беларускай разведцы.
Для Беларусі збіралася і была перададзена інфармацыя аб літоўскім войску, яго часцях, дзяржаўных прадпрыемствах, якія маюць стратэгічнае значэнне для нацыянальнай бяспекі Літвы, іх дзейнасці, аб'ектах і абсталяванні на іх.
Ліпскі затрыманы прыкладна год таму, яму пагражае пазбаўленне волі да 15 гадоў.
Дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Гедымін Грына сцвярджаў, што ўся аперацыя доўжылася больш за тры гады. Ён не каментаваў, колькі дадзеных падазраваны паспеў перадаць Беларусі. Верагодна, што атрыманай інфармацыяй Беларусь дзялілася і з Расіяй.