Адам Міхнік: Мне шкада Польшчы
Рэдактар «Газеты выборчай» заклікаў падтрымаць Браніслава Камароўскага ў другім туры выбараў.
«Я памятаю эпоху панавання Яраслава Качыньскага і «Закона і справядлівасці», — засцерагае Міхнік. — Я памятаю усёўладдзе спецслужбаў, правакацыі паліцыі, камеры, устаноўленыя ў доктарскіх кабінетах. Гэта быў час, калі Польшча была ў стане падазронасці і страху», — піша рэдактар «Выборчай».
У выпадку перамогі Дуды той час вернецца, піша ён.
Урад Качынскіх надаваў вялікую ўвагу барацьбе з карупцыяй і выкрыццю «ўкладаў» — перапляцення палітыкі з бізнэсам. Часам гэта прыводзіла да перахлёстаў.
«Галасы за Паўла Кукіза паказваюць, што многія з нас хочуць замяніць дэмакратычныя працэдуры натоўпам на рок-канцэрце. У Паўла Кукіза столькі ж супольнага з прэзідэнтам Польшчы, як у мяне з Элвісам Прэслі», — жорстка піша рэдактар «Газеты выборчай», адзін з ветэранаў былой антысавецкай апазіцыі Адам Міхнік.
Кукіз збудаваў сваю перадвыбарчую кампанію на крытыцы цяперашняга ліберальнага істэблішменту, да якога належыць і Міхнік.
«Для такой бязрадаснай будучыні — шкада Польшчы», — піша Міхнік. І заклікае аб'яднацца вакол кандыдатуры Камароўскага.
У першым туры выбараў Кукіз перамог сярод моладзі да 29 гадоў. За Камароўскага галасавалі выбарцы ад 30 да 39 гадоў. Людзі, старэйшыя за 40, аддалі свае галасы за Дуду.