У Баранавічах глядач у цырку напаў на папугая
Дрэсіроўшчык з украінскага шапіто сцвярджае, што сутыкнуўся з такім упершыню за 36 гадоў работы.
На адным са спектакляў кіеўскага цырка-шапіто «Арэна» ў Баранавічах глядач напаў на папугая ара і вырваў яму пёры з хваста, піша мясцовая газета «Інтэкс-прэс».
— У фінале нашага выступу мы пусцілі Клаўса, як звычайна, праляцець вакол арэны, — распавёў дрэсіроўшчык папугаяў Уладзімір Гарадзецкі, чыя птушка пацярпела. — І раптам мужчына, які сядзеў у ложы ля сцэны, ускочыў і схапіў яго за хвост!
У выніку папугай застаўся без двух самых доўгіх пёраў на хвасце.
— Такое адбылося ўпершыню за ўвесь час маёй працы ў цырку! — абураецца Уладзімір. - Мы выступалі ва ўсіх краінах СНД, аб'ездзілі амаль усю Еўропу, былі ў Кувейце і Ізраілі, такое здарылася толькі ў Беларусі, — кажа дрэсіроўшчык.
Мужчына быў у цырку з дзіцем. У часе спектакля ён «сядзеў» у тэлефоне і толькі ў канцы праграмы зрэагаваў на папугая, што пралятаў міма.
Артысты былі ў шоку, гледачы таксама. Людзі пасля падыходзілі да ўкраінскіх артыстаў і прасілі прабачэння за паводзіны свайго земляка.
«Пёры адрастуць прыкладна праз паўгода, — расказаў цыркач. — Але птушку шкада — гэта псіхалагічная траўма».