Карэйцы прадставілі недарагі электрамабіль з вугляпластыку
Сцвярджаюць, што як Tesla, толькі танней і энергаэфектыўней.
Фота: Nikkei Technology
Паўднёвакарэйская кампанія Power Plaza Co прадставіла электрамабіль Yebbujana R (што перакладаецца як «ці яна не цудоўная?»).
Машына можа стаць сур’ёзным канкурэнтам Tesla Model S — яе цана складзе каля 40 тысяч даляраў, што мінімум у два разы танней за «Тэслу».
Як заяўляе вытворца, Yebbujana R мае заўважна лепшыя характарыстыкі. Яна можа праехаць на адной зарадцы да 571 км у гарадскім цыкле (супраць 430 у «Тэслы» ў мадыфікацыі 85D). Яна мае акумулятар меншай за «Тэслу» ёмістасці (54 кВт·гдз супраць 85 у «Тэслы»), але траціць у два разы менш энергіі на кіламетр (10 Вт·гдз супраць 20 Вт·гдз у «Тэслы»).
Yebbujana R мае максімальную хуткасць 198 км/гдз супраць 250 у «Тэслы». Да сотні яна разганяецца за 4,6 с., у чым амаль не саступае «Тэсле» 85D, але прайграе P85D, што разгоніцца да сотні за 3,1 с (але і каштуе 105 тысяч даляраў).
Карэйцы не раскрываюць усіх сакрэтаў эканамічнасці сваёй машыны. Але адзін з іх, верагодна, гэта вага машыны. Yebbujana R важыць толькі 745 кг («Тэсла» — 2100 кг). Корпус машыны выкананы з вугляпластыку (Carbon fiber–reinforced polymer) — матэрыялу, які звычайна лічыцца надта дарагім для такога цэнавага сегменту.
Выпуск аўто на карэйскі рынак кампанія плануе ў канцы 2016 года. Пра планы на міжнародны рынак заяў не было.
Чытайце таксама: «Тэсла» — аўтамабіль будучыні без бензіну, які імкліва заваёўвае амерыканскі рынак