БЕЛ Ł РУС

Крызіс у Грэцыі: лідары ЕС дасягнулі кампрамісу з Цыпрасам

13.07.2015 / 8:48

Саміт доўжыўся больш за 17 гадзін. 

Лідары краін еўразоны дасягнулі дамоўленасці на саміце ў Брусэлі, прысвечаным грэчаскаму крызісу.

Пра гэта ў твітары паведамілі некалькі афіцыйных асоб, уключаючы прэм'ер-міністра Бельгіі Шарля Мішэля. «Пагадненне», — напісаў ён у сваім мікраблогу пасля чарговага раўнду сустрэчы.

Яго словы пацвердзіў таксама прадстаўнік ўрада Кіпра. Канкрэтныя ўмовы дамоўленасцяў пакуль не вядомыя, піша lenta.ru.

Як напісаў у сваім твітары прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск, лідары ЕС дасягнулі пагаднення аб фінансавай дапамозе грэчаскай эканоміцы.

«На еўрасаміце дасягнута аднадушнае пагадненне. Усё гатова для праграмы дапамогі Грэцыі з сур'ёзнымі рэформамі і фінансавай падтрымкай», — паведаміў Туск.

Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заявіў, што Грэцыя не пакіне еўразону. Ён таксама адзначыў, што ўдзельнікі перамоваў задаволеныя вынікам саміту, піша Deutsche Welle.

Ангела Меркель заклікала бундэстаг падтрымаць новую праграму дапамогі Грэцыі. Паводле яе слоў, у дасягнутым у ходзе саміту еўразоны пагадненні «плюсы пераважаюць над мінусамі». Яна адзначыла, што грэчаскія ўлады павінны прыняць асноўныя рэформы да 15 ліпеня.

***

Канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Алянд і старшыня Еўрарады Дональд Туск дасягнулі «кампрамісу» з прэм'ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам перад аднаўленнем саміту лідараў краін еўразоны.

Пра гэта паведамляе AFP са спасылкай на еўрапейскага чыноўніка.

Пры гэтым прадстаўнік Туска Прэбен Ааман паведаміў у сваім твітары, што еўрасаміт будзе адноўлены для абмеркавання кампраміснай прапановы па выхадзе Грэцыі з даўгавога крызісу. Ніякіх падрабязнасцяў пагаднення Ааман не паведаміў.

Раней прадстаўнік грэчаскіх уладаў заявіў AFP, што Афіны расцанілі прапанову Еўрагрупы як «вельмі дрэнную».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула