ЗША ні за і ні супраць нейкага канкрэтнага кандыдата на выбарах у Беларусі
Злучаныя Штаты Амерыкі нейтральныя ў дачыненні да кандыдатаў на выбарах прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым у інтэрв'ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ вечарам 12 ліпеня заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
«У нас выразная пазіцыя наконт любых выбараў ва ўсім свеце, — заявіў амерыканскі дыпламат. — Мы заклікаем да правядзення выбараў як справядлівага і празрыстага працэсу, у якім выражаецца воля народа».
ЗША, паводле слоў кіраўніка пасольства, не раз заяўлялі: «мы ні за і ні супраць нейкага канкрэтнага кандыдата на беларускіх выбарах». «Мы выступаем у падтрымку працэсу справядлівага, празрыстага і свабоднага ад запужвання. Удзел у гэтым працэсе павінен быць даступны ўсім», — адзначыў Роланд.
Перадвыбарная кампанія, як падкрэсліў амерыканскі дыпламат, не менш важная, чым само галасаванне, — гэта агульная пазіцыя Злучаных Штатаў і АБСЕ. «Мы заклікаем улады даць магчымасць прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый зарэгістравацца ў якасці кандыдатаў і без перашкод удзельнічаць у кампаніі», — заявіў кіраўнік дыпмісіі ЗША ў Мінску.