БЕЛ Ł РУС

У Мінскім гарсудзе разглядаецца справа аб карупцыі ў Следчым камітэце

15.07.2015 / 11:05

У Мінскім гарадскім судзе 15 ліпеня пачалося слуханне крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да двух супрацоўнікаў Следчага камітэта, якія абвінавачваюцца ў хабарніцтве.

На лаве падсудных апынуліся былыя следчыя Цэнтральнага раённага аддзела СК Мінска Сяргей Кастыка і Алег Мельнікаў. Афіцэры юстыцыі абвінавачваюцца ва ўчыненні злачынства па ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры, або арганізаванай групай, або асобай, якая займае адказнае становішча).

У сакавіку ў Мінгарсудзе была разгледжана крымінальная справа, распачатая ў дачыненні да калег Кастыкі і Мельнікава па службе ў Цэнтральным РАСК. Прыгаворам суда першай інстанцыі былі прызнаныя вінаватымі ў атрыманні хабару і ўчыненні іншых злачынстваў супраць службы падпалкоўнік юстыцыі Дзмітрый Мацкевіч і капітаны Дзмітрый Контусь і Генадзь Супінскі.

Менавіта пра іх узгадаў Аляксандр Лукашэнка ў красавіку 2014 года ў пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу: «У суд перададзена крымінальная справа ў дачыненні да намесніка генеральнага пракурора Архіпава, які атрымаў хабар у выглядзе залатога злітка і бутэлька каньяку за спыненне крымінальнай справы ў дачыненні да п'янага «бяспраўніка», які ўчыніў на матацыкле дарожна-транспартнае здарэнне, у выніку якога загінула дзяўчына… За атрыманне хабару па гэтай жа справе ўжо асуджаны начальнік следчага аддзялення Мінскага раённага аддзела Следчага камітэта Янушка. Цяпер расследуецца справа аб сямі эпізодах атрымання хабару яго калегамі з Цэнтральнага раённага аддзела ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску Супінскім, Контусем і Мацкевічам».

Прыгаворам Мінгарсуда Мацкевіч, Контусь і Супінскі пакараныя пазбаўленнем волі на тэрміны 13, 12 і 7 гадоў адпаведна з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем афіцэрскіх званняў. Адбываць пакаранне ім прызначана ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула