Пяць краін паўторна папросяць Раду Бяспекі ААН склікаць трыбунал па «Боінгу»
Новая спроба дамагчыся ад Рады Бяспекі ААН адабрэння на стварэнне трыбунала па катастрофе «Боінга» MH17 ва Украіне будзе прадпрынятая праз два месяцы, заявіў міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін у інтэрв'ю агенцтву Асашыэйтэд прэс.
Паводле Клімкіна, асноўным аргументам Расіі, якая наклала вета на рэзалюцыю РБ ААН аб стварэнні трыбунала, было тое, што гэты крок з'яўляецца заўчасным і несвоечасовым. Масква ўказвала на тое, што вынікі расследавання будуць гатовыя не раней за кастрычнік.
Праз два месяцы, калі будзе гатовая справаздача, пяць краін — Малайзія, Аўстралія, Нідэрланды, Бельгія і Украіна — маюць намер паўторна звярнуцца ў РБ ААН з патрабаваннем стварэння трыбунала.
''Мы не збіраемся здавацца. Праз два месяцы ў нас будзе канчатковая справаздача [аб крушэнні «Боінга»]. І што ж Расія скажа праз два месяцы? Мы, безумоўна, будзем спрабаваць зноў, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя спосабы падтрымкі міжнароднай супольнасці», — сказаў Павел Клімкін агенцтву.
Як сказаў Клімкін, Малайзія, Аўстралія, Нідэрланды, Бельгія і Украіна лічаць, што стварэнне міжнароднага трыбунала па катастрофе «Боінга» было б найлепшым варыянтам з палітычнага і заканадаўчага пунктаў гледжання.
У сераду за прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі 11 з 15 краін-членаў Рады Бяспекі. Ангола, Кітай і Венесуэла устрымаліся. Аднак Расія заблакавала прыняцце дакумента, скарыстаўшыся сваім правам вета, як пастаянны член Рады Бяспекі.