Па справе аб карупцыі ў «Каменным Логу» затрыманыя 40 мытнікаў
15.09.2015 / 14:23
Расследаванне справы аб карупцыі ў дзейнасці Ашмянскай мытні працягваецца. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 15 верасня заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) Юрый Сянько.
ostrovets.by
У сакавіку Камітэт дзяржбяспекі разам з іншымі праваахоўнымі органамі выявіў карупцыю ў Ашмянскай мытні. У злачынную дзейнасць быў уцягнуты ледзь не ўвесь асабісты склад мытнага паста «Каменны Лог». Паведамлялася пра затрыманне 19 чалавек. У мытнікаў канфіскавалі больш за 2,2 млн даляраў.
«Шэраг крымінальных спраў ужо накіраваны ў суд. Але Камітэт дзяржбяспекі і Следчы камітэт працягваюць расследаванне гэтай гучнай карупцыйнай справы. Усяго затрыманыя каля 40 супрацоўнікаў», — паведаміў сёння Юрый Сянько.
Ён сказаў, што гэта «сур'ёзная пляма на мундзіры мытнай службы» і яму «складана казаць на гэтую тэму». «У цэлым, гэта складаная праблема для мытнай службы. Але мы ўсё думаем над тым, як зрабіць правільныя высновы і не дапусціць такога ў будучыні», — сказаў кіраўнік ДМК.