БЕЛ Ł РУС

Статкевіч і Шумчанка заклікалі прадпрымальнікаў выказаць 14 сакавіка калектыўную нязгоду 

5.03.2016 / 8:2

Старшыня РГА «Перспектыва» Анатоль Шумчанка і былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч заклікалі прадпрымальнікаў выказаць 14 сакавіка калектыўную нязгоду з нормамі ўказа №222. З адпаведным зваротам яны выступілі пасля таго, як стала вядома пра забарону Мінгарвыканкама на правядзенне 14 сакавіка акцыі «Марш прадпрымальнікаў».

«Нягледзячы на тое, што намі атрыманая адмова на правядзенне мітынгу і шэсця 14 сакавіка, заяўляем пра свой цвёрды намер працягнуць дзеянні, накіраваныя на абарону інтарэсаў і правоў прадпрымальнікаў. Нашы далейшыя дзеянні будуць насіць законны і легальны характар», — гаворыцца ў звароце.

«У якасці першага кроку» Шумчанка і Статкевіч прапануюць прадпрымальнікам прыйсці 14 сакавіка а 13.00 да Міністэрства па падатках і зборах, каб зрабіць вусную або пісьмовую заяву пра сваю нязгоду з нормамі ўказа 222 аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці. «Менавіта МПЗ з'яўляецца асноўным распрацоўшчыкам указа і на сённяшні дзень займае найбольш жорсткую і непрымірымую пазіцыю ў рамках дзейнасці рабочай групы пры Міністэрстве эканомікі, адмовіўшыся ад усіх прапанаваных кампрамісных варыянтаў па вырашэнні праблемных пытанняў прадпрымальнікаў», — адзначаецца ў звароце.

Яго аўтары падкрэсліваюць, што дзеянні прадпрымальнікаў «павінны быць цвёрдымі і салідарнымі, бо ад гэтага будзе залежаць магчымасць далейшай працы малога бізнесу ў Беларусі».

Заяўка на правядзенне 14 сакавіка ў Мінску «Маршу прадпрымальнікаў» была пададзена Шумчанка і Статкевічам у гарвыканкам 23 лютага. У адказе за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі сказана, што яна не адпавядае патрабаванням закона аб масавых мерапрыемствах і рашэнні сталічных уладаў аб вызначэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў. Карпенка адзначае, што ў парушэнне закона да атрымання дазволу неаднаразова аб'яўляліся месца і час правядзення акцыі. Акрамя таго, месца збору не ўваходзіць у пералік дазволеных, не пазначана крыніца фінансавання мерапрыемства. Яшчэ адна прычына адмовы: «іншымі асобамі» была пададзена заяўка на правядзенне іншай акцыі ў гэты час па гэтых жа маршрутах (ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор).

«Іншымі асобамі» у дадзеным выпадку былі прадстаўнікі Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), якія падалі заяўку на правядзенне 14 сакавіка «Сацыяльнага маршу за годнае жыццё». Паміж арганізатарамі дзвюх акцый разгарэўся скандал, вынікам якога стала рашэнне АГП адклікаць сваю заяўку. Рашэнне было прынята 3 сакавіка, а адказ з Мінгарвыканкама датаваны 1 сакавіка.

У каментары да адмовы Мінгарвыканкама санкцыянаваць вулічную акцыю Шумчанка абвінаваціў ва ўсім Лябедзьку, які, на думку лідара «Перспектывы», падаў заяўку наўмысна. Сам Лябедзька заявіў, што не збіраўся нікому ставіць палкі ў колы, а хацеў прыцягнуць да пратэсту прадстаўнікоў іншых прафесій.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула