Карэл Шварцэнберг: Еўрасаюз паспяшаўся з адменай санкцый
ЕС не варта было адмяняць санкцыі супраць афіцыйнага Мінска, бо беларуская ўлада пайшла на недастатковыя саступкі. Пра гэта заявіў у каментары TUT.BY былы кіраўнік МЗС Чэхіі Карэл Шварцэнберг.
Reuters.com
— Я вялікі скептык, я б аддаў перавагу раўназначнаму абмену. Адна саступка ў абмен на адну саступку. Так, Мінск вызваліў палітвязняў, але гэтага вельмі мала. Адмяняць за гэта ўсе санкцыі няправільна.
Сёння Шварцэнберг удзельнічае ў вялікай канферэнцыі па смяротным пакаранні ў Мінску. Чэшскі палітык — актыўны прыхільнік адмены гэтага віду пакарання. Апошні раз ён наведваў Беларусь якраз для ўдзелу ў Тыдні супраць смяротнага пакарання ў 2014 годзе.
— Тады ў нас таксама было шмат надзей, што смяротнае пакаранне адменяць. Цяпер, што мяне шакавала, на наступны дзень пасля адмены санкцый у Беларусі вынеслі смяротны прысуд.
9 сакавіка Карэл Шварцэнберг сустрэўся ў Мінску са сваякамі асуджаных да смяротнага пакарання. На сустрэчу прыехалі родныя Сяргея Хмялеўскага і Генадзя Якавіцкага, асуджаных у 2016 годзе да выключнай меры пакарання. Таксама на сустрэчы прысутнічалі пасол Чэхіі ў Беларусі, праваабаронцы і маці Уладзіслава Кавалёва, які быў расстраляны ў 2012 годзе, паведамляе БелаПАН.
На думку Шварцэнберга, пра такія справы праваабаронцы павінны паведамляць замежнай прэсе яшчэ да вынясення прысуду.
— На жаль, пакуль пра гэта практычна не пішуць. І нават я, калі быў старшынёй камітэта па замежных справах у парламенце, позна пра гэта даведваюся, — лічыць парламентарый.
Шварцэнберг лічыць, што афіцыйны Мінск гатовы пайсці на саступкі ў пытанні мараторыя ці адмены смяротнага пакарання:
— Вядома, што цяпер у Беларусі складаная фінансавая сітуацыя, таму некаторыя зрухі ў сферы правоў чалавека магчымыя.
Аднак, па прызнанні Шварцэнберга, зараз галовы еўрапейскіх палітыкаў больш занятыя пытаннямі, звязанымі з канфліктамі ў Сірыі і Украіне. Апроч іншага, паводле слоў парламентарыя, цяпер прыйшло новае пакаленне палітыкаў, для якіх праблемы, звязаныя з правамі чалавека, адыходзяць на другі план.