Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку
Украінская ваеннаслужачая Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку, якую абвясціла ў знак пратэсту падчас судовага працэсу ў Расіі. Такое рашэнне яна прыняла па просьбе Пятра Парашэнкі, паведамілі яе адвакаты.
Украінская лётчыца Надзея Саўчанка спыніла сухую галадоўку, якую яна абвясціла 3 сакавіка, калі суд перанёс яе выступ з апошнім словам на працэсе па справе аб забойстве супрацоўнікаў ВГТРК у Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў яе лісце, які першай апублікавала партыя «Бацькаўшчына» ў сваіх акаўнтах у Twitter і Facebook.
Інфармацыю аб спыненні галадоўкі пацвердзіў адвакат Саўчанкі Мікалай Полазаў.
«Дзякуй Богу, Надзя Саўчанка спыніла сухую галадоўку. На яе рашэнне паўплывала просьба Пятра Парашэнкі і ўсіх, хто яе падтрымаў», — напісаў ён у твітары.
Іншы адвакат Саўчанкі Марк Фейгін сказаў ТАСС, што «Надзея спыніла сухую галадоўку і пачала прымаць ежу». Ён таксама падкрэсліў, што яна спыніла галадоўку «па просьбе прэзідэнта Украіны».
Напярэдадні Саўчанка выступіла ў судзе з апошнім словам. Тады яна паабяцала працягнуць сухую галадоўку.
«Цяпер у суда ёсць толькі тыдзень на вынясенне рашэння. Хочаце паказаць сваю сілу, паказвайце, але памятайце, што мы граем на маё жыццё. Стаўка высокая, і мне няма чаго губляць», — заявіла ў судзе Саўчанка.
Прысуд будзе абвешчаны 21—22 сакавіка. Пракуратура запатрабавала 23 гады зняволення.