БЕЛ Ł РУС

Прадстаўнiк Беларусi на «Славянскiм базары» прапануе беларусам абраць песню калектыўна

15.03.2016 / 11:38

Мікіта Недаверкаў

Аляксей Грос, які сёлета мае рэпрэзентаваць Беларусь на «Славянскім базары», хоча, каб песню беларусы яму выбралі калектыўна.

Фота afishaminsk.by

На «Базары» спевакі выконваюць адзін «сусветны хіт» і адну «песню на славянскай мове».

У якасці сусветнага хіта Грос будзе спяваць «A Song for You» — песню Леона Расэла, якую раней перапявала Крысціна Агілера.

Што да песні на славянскай мове, то спявак і ягоны прадзюсар абяцаюць прыслухацца да меркавання людзей.

«Мы вырашылі не перапяваць усім знаёмыя песні, а прапануем беларусам даслаць нам не абавязкова гатовую песню, а, магчыма, вершы Янкі Купалы ці Якуба Коласа, а музыку мы напішам», — заявілі менеджары Гроса. 

Музычным прадзюсарам спевака стаў Леанід Шырын, які працаваў раней з Ірынай Дарафеевай, Русланам Аляхно, Аляксеем і Андрэем Хлястовымі, Ларысай Грыбалёвай, Аляксандрам Саладухам.

Леанід Шырын і Аляксей Грос.

Аляксею Гросу 26 гадоў, ён родам з Салігорска. У 2012-м прайшоў кастынг у прадзюсарскі цэнтр «Спамаш», з ім дагэтуль і працуе.

Акрамя «Славянскага базару», спявак тройчы выходзіў у фінал беларускага адбору на Еўрабачанне.

«Славянскі базар у Віцебску» сёлета пройдзе 25-ы раз.

Свае прапановы можаце дасылаць на мэйл спевака — grossalexey@mail.ru

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула