БЕЛ Ł РУС

У Беларусі за выраб «кактэйля Молатава» будзе пагражаць да 5 гадоў турмы

28.03.2016 / 13:0

У Беларусі за выраб, захоўванне, перавозку, перасылку, перадачу і нашэнне «кактэйля Молатава» будзе пагражаць да 5 гадоў турмы. Міністэрства ўнутраных спраў прапанавала ўнесці адпаведныя дапаўненні ў артыкул 295-ы Крымінальнага кодэксу. Пра гэта ў інтэрв'ю газеце «СБ. Беларусь сегодня» паведаміў Мікалай Карпянкоў, начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Паводле яго слоў, «прадметы, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў» было прапанавана аднесці да разраду зброі. Калі дапаўненні будуць унесеныя, чалавека з бутэлькай з запальнай вадкасцю ў Беларусі чакае штраф, папраўчыя працы ці пазбаўленне волі тэрмінам да 2 гадоў. Калі ж суд вырашыць, што была папярэдняя змова альбо рэцыдыў, то асобаў, датычных да «кактэйля Молатава», чакае ад 3 да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама Карпянкоў заявіў пра намер укараніць перадавы вопыт Грузіі. 

«Адзін з артыкулаў КК гэтай краіны прадугледжвае пазбаўленне волі да 6 гадоў для асоб, якія маюць статус злодзея ў законе. Каранаваны злачынец, пацвярджае свой зладзейскі статус? Тады ідзі за краты як удзельнік арганізаванай злачыннай групы, прадстаўнік зладзейскага свету. Мы хочам гэтую частку грузінскага Крымінальнага кодэкса ўзяць сабе на ўзбраенне. Каб зладзейскае жыццё не выглядала рамантычна і прывабна, каб маладыя людзі ведалі: злодзей у законе — ізгой у нашым грамадстве, а яго статус прыдуманы, каб лягчэй было рабаваць нарабаванае», — сказаў Карпянкоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула