БЕЛ Ł РУС

Пераможца «Славянскага базару» паступіў ва Універсітэт культуры, уразіўшы камісію прапановай весці фестываль па-беларуску

28.07.2016 / 15:42

Мікіта Недаверкаў

Сёлетні пераможца «Славянскага базару» набраў на іспытах 291 бал і паступіў на спецыяльнасць «рэжысёр святаў».

Спявак здаваў гісторыю Беларусі, беларускую мову і творчы экзамен на базе ВНУ.

Падрабязней пра экзамен і планы Аляксея Гроса распавёў куратар выканаўцы Сяргей Андрыянаў.

«Творчы экзамен уяўляў сабой акцёрскае майстэрства — тут Аляксей зачытаў байку Кандрата Крапівы «Ганарысты парсюк» і ўрывак з аповеду Івана Буніна «Арэлі». На другі ўступны творчы экзамен пісаў сцэнарны план па правядзенні «Славянскага базару». Гэта значыць, што яму трэба было распісаць не сцэнар канцэртаў, а ў якім фармаце ён бачыць конкурс».

«Аляксей прапанаваў ідэю «Славянскага праспекта», на якім павінны быць размеркаваныя пляцоўкі асноўных славянскіх дзяржаў. Таксама наш спявак прапанаваў весці «Славянскі базар» на мове краіны-гаспадыні беларускай і англійскай мовах, як міжнароднай».

«На апошнім творчым экзамене камісія разам з Аляксеем абмяркоўвалі творчасць Уладзіміра Мулявіна. І вось сёння стала вядома, што ён паступіў».

Такім чынам спявак плануе атрымаць першую вышэйшую адукацыю. Па словах каманды Аляксея, атрымаць вышэйшую адукацыю выканаўца натхніў удзел у «Славянскім базары», урокі па вакале і інш. 

Дагэтуль пераможца «Славянскага базару» 6 гадоў вучыўся ў салігорскай музычнай школе па класе ўдарных. У 2006 годзе паступіў у Мінскі каледж мастацтваў на аддзел вакалу. З 2010 года займаецца сольнай кар'ерай. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула