БЕЛ Ł РУС

Начальнік Акадэміі Генштаба РФ стаў ахвярай гумарыстаў-«журналістаў»

13.09.2016 / 12:22

Аляксандр Гелагаеў

У прысутнасці шматлікіх экспертаў і вайскоўцаў генерал-лейтэнант расійскай арміі Сяргей Кураленка распавёў пра «злачынныя планы» Вашынгтона, свядома ці несвядома выкарыстаўшы матэрыялы вядомага гумарыстычнага сайта, які робіць фэйкавыя навіны, паведамляе golos-ameriki.ru.

7 верасня на Міжнародным вайскова-тэхнічным форуме «Армія-2016» Кураленка, які ўзначальвае Акадэмію Генштаба Узброеных сіл РФ, сказаў: «Магу вам нагадаць, што ў 2012 годзе кандыдат у прэзідэнты ЗША Міт Ромні заявіў: «Наша мэта — Расія… Наша мэта прымусіць Расію зжэрці сябе знутры, сеючы варажнечу і беспарадак ў грамадстве гэтай краіны. Калі не спрацуе шэраг пералічаных вышэй сродкаў, нам не застанецца нічога, акрамя як абвесціць хуткую і пераможную вайну гэтай краіне. Мы разбурылі СССР — разбурым і Расію».

«Хачу адзначыць, што за Ромні прагаласавала амаль 50% амерыканцаў», — дадаў расійскі вайсковец.

Насамрэч гэта цытата з сатырычнага сайта Fognews, які спецыялізуецца на прадукаванні фэйкавых навінаў.

Расійскія сілавікі і чыноўнікі, як у гэтым выпадку, часта свядома ці несвядома робяцца ахвярамі ўласнай, часта не прафесійнай, але вельмі гучнай антызаходняй прапаганды.

Год таму сакратар Рады бяспекі РФ Мікалай Патрушаў «працытаваў» дзяржсакратара ЗША Мадлен Олбрайт — на самой справе гэта былі словы з апублікаванага ў 2006 годзе артыкула ва ўрадавай «Российской газете». У артыкуле генерал Федэральнай службы аховы ў адстаўцы Барыс Ратнікаў распавёў фантасмагарычную гісторыю, як ён, «выкарыстоўваючы псіхалагічную зброю, чытае думкі заходніх палітыкаў»:

«У думках мадам Олбрайт мы знайшлі паталагічную нянавісць да славянаў. Яе абурала тое, што Расія валодае самымі вялікамі ў свеце запасамі карысных выкапняў». Ускосна на «прачытаныя думкі» Олбрайт спасылаўся ў прэс-канферэнцыі ў 2014 годзе і Уладзімір Пуцін.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула