БЕЛ Ł РУС

Мінэканомікі ацэньвае падзенне ВУП Беларусі ў 2016 годзе ў межах 2%

13.09.2016 / 13:3

ВУП Беларусі можа знізіцца ў 2016 годзе на 2%, паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення макраэканамічнага аналізу і прагназавання Мінэканомікі Юрый Зюзянкоў, выступаючы 13 верасня на пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

«На жаль, бягучая сітуацыя паказвае нам пагаршэнне знешніх умоў, якія былі ў першай палове года. Таму цяпер намі разглядаецца варыянт зніжэння ВУП Беларусі на 2% па выніках года», — сказаў Зюзянкоў.

Ён таксама адзначыў, што афіцыйны прагноз на 2017 год падрыхтаваны з улікам двух сцэнарыяў. Пры сярэднегадавой цане нафты 35 долараў за бараль чакаецца рост ВУП на 0,2%. У той жа час калі знешняя кан'юнктура будзе больш спрыяльнай і сярэднегадавая цана нафты ў наступным годзе складзе 45 долараў за бараль, то рост ВУП адпаведна — 1,5%, паведаміў Зюзянкоў.

Прадстаўнік Мінэканомікі дадаў, што ў гэтым выпадку тэмп росту эканомікі ў 2017 годзе будзе адпавядаць параметрам, закладзеным у праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады.

У сваю чаргу старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы Віктар Валюшыцкі адзначыў, што прагназаванае зніжэнне ВУП у гэтым годзе ўскладняе выкананне параметраў па эканамічным росце ў цэлым за пяцігодку.

Нагадаем, праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады, асноўныя палажэнні якой ухвалены на Усебеларускім народным сходзе, прадугледжвае, што ВУП Беларусі ў гэтай пяцігодцы вырасце на 12—15%.

«Зніжэнне ВУП на 2% у 2016-м фарміруе сур'ёзную карціну. Плануем 15% росту эканомікі ў цэлым на пяцігодку, і прагназаваныя паказчыкі гэтага года ўскладняюць нам выкананне параметраў гэтай пяцігодкі. За чый кошт і за які кошт мы маем намер павышаць ВУП? Мы планавалі забяспечваць эканамічны рост за кошт малога і сярэдняга бізнесу. Напэўна, у гэтым кірунку трэба прымаць меры, каб выходзіць на запланаваныя тэмпы эканамічнага росту», — адзначыў Валюшыцкі.

Нагадаем, валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені—ліпені 2016 года склаў 52,6 млрд дэнамінаваных рублёў і знізіўся на 2,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Міжнародныя фінансавыя арганізацыі, якія выступаюць крэдыторамі Беларусі, прагназуюць, што рэцэсія ў краіне ў 2016 годзе захаваецца. МВФ чакае, што ВУП Беларусі ў 2016-м скароціцца на 3%, Еўразійскі банк развіцця прагназуе, што эканамічны спад у краіне складзе 1,9%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула