БЕЛ Ł РУС

Дашкевіч судзіўся з амапаўцамі, але… Яму прысудзілі буйны штраф ФОТА

16.11.2016 / 10:4

Мікіта Недаверкаў, фота Ірыны Арахоўскай

У сераду, 16 лістапада, у судзе Партызанскага раёну разглядалася справа Змiтра Дашкевiча.

У судзе.

7 лiстапада падчас акцыi пратэсту супраць новага помнiка Ленiну каля Трактарнага завода Змiцер Дашкевiч разам са сваiмi паплечнiкамi быў затрыманы. Па словах Змітра, па дарозе ў РАУС супрацоўнiкi АМАП жорстка збiвалi яго i здзекавалiся. На Дашкевіча склалі тры пратаколы: за «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі», за «хуліганства» і за «непадпарадкаванне міліцыі».

13:00

Прысуд: Зміцер Дашкевіч атрымаў штраф у 50 базавых (1050 рублёў).

Суддзя прызнала вінаватым Дашкевіча ў паўторным на працягу года ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (артыкул 23.34 КаАП РБ) і непадпарадкаванні патрабаванням міліцыі (артыкул 23.4).

Зміцер са сваімі паплечнікамі пакінуў залу суда да абвяшчэння прысуду, каб трапіць на суд над Уладзімірам Кондрусем.

11:10

Паказанні дае Павел Яфрэмаў, камандзір адзялення АМАП.

«Наўмысна ўносіў паніку ў натоўп. Мы не ўмешваліся да апошняга, але калі пачалася бойка, вырашылі яго затрымаць», — зачытвае з нататніка Ефрэмаў.

Ён кажа, што яны выратавалі Змітра, бо яго б там збілі. 

«У нас не было іншага выйсця. Мы да апошняга думалі, што ўсё абыдзецца, але калі б мы стаялі ў баку, невядома, што было б. Мы выратавалі ваша жыццё. Вы прыйшлі, выказалі свой пункт гледжання, але вы стварылі паніку. Калі на вас хтосьці накінуўся, яго трэба пакараць, тут я з вамі згодны», — працягвае Ефрэмаў.

Дашкевіч:

«Я сёння прыйшоў дзеля аднаго — паглядзець на вас і вашых сяброў, якія любяць смактаць дубінкі. Што было ў аўтобусе?»

Ефрэмаў:

«Я сядзеў наперадзе, Зміцер быў ззаду. Я ўжо не памятаю і не бачыў, ці была нейкая патасоўка ў аўтамабілі па дарозе ў РАУС. Я Змітра ведаю даўно. Можа, я штосьці і бачыў, можа, і была перапалка славесная, але я гэтага не памятаю».

Дашкевіч:

«Таварыш Ефрэмаў у самых вычварэнскіх формах накідваўся на мяне. Фізічны гвалт у іх ужо перасякае мяжу».

Ефрэмаў:

«Мне не зразумела, па якіх маральна-псіхалагічных прычынах Зміцер кажа такія рэчы пра мяне. Калі б мы яго не выратавалі, то яго б забрала хуткая дапамога. І калі б я кагосьці збіваў, былі б вельмі цяжкія наступствы».

Дашкевіч падышоў да Ефрэмава, таму што яму «нязручна глядзець у патыліцу».

Зміцер яшчэ раз задаў пытанне, ці тыкаў ён дубінкай. Міліцыянт спытаў, ці разумее Зміцер, што значыць тыкаць дубінкай. 

Дашкевіч: «Не, вы канкрэтна адкажыце: вы тыкалі дубінкай?»

Ефрэмаў: «Не».

Дашкевіч: «У мяне больш пытанняў да Ефрэмава няма».

Мужчына справа пад нумарам два — Павел Ефрэмаў. Па словах Змітра Дашкевіча, ён суваў яму дубінку і крычаў: «Смакчы!»

10:55

Выступае міліцыянт Андрэй Леонаў, які затрымліваў Дашкевіча. Па словах актывістаў, ён біў Рамана па шчоках. 

«Дашкевіч спрабаваў справакаваць бойку. Я праводзіў затрыманне, каб спыніць масавыя беспарадкі. Калі я спрабаваў затрымаць Дашкевіча, ён схапіў мяне за форму», — гаворыць Леонаў. Ён кажа, што затрыманыя сядзелі на падлозе і крычалі «фашысты».

Зміцер заяўляе, што ў аўтобусе яго збівалі Леонаў і Ефрэмаў. Міліцыянт адмаўляе. Зміцер папярэджвае, што міліцыянт павінен мець на ўвазе адказнасць за ілжэсведчанне.

Андрэй Леонаў, які затрымліваў Дашкевіча.

10:40

«Як толькі покрыва з Леніна знялі, вось гэты таварыш (Зміцер — рэд.) выбег з расцяжкай і стаў крычаць. Гэта нонсанс, мы ў мірнай краіне жывем. Я была ў шоку», — дае паказанні начальнік бюро ідэалогіі трактарнага завода.

«Вы адкрываеце помнік тырану», — гаворыць Зміцер.

«Гэта наша тэрыторыя і наш помнік. Гэта наша гістарычная абарона», — кажа сведка.

«Пане Тамара, ці ведаеце вы, колькі трактароў на складзе стаіць, пакуль вы ставіце помнікі Леніну?» — пытаецца Зміцер.

10:30

Дае паказанні міліцыянт Сяргей Селін. Ён гаворыць, што былі крыкі «ганьба» і скокі ў бок помніка. Але не ведае, хто крычаў, бо не бачыў.

«Я ўзяў цытаты Леніна, а вы кажаце, што адбылася акцыя, якая не ўпісваецца ў асноўнае мерапрыемства», — адказвае Дашкевіч Селіну.

10:20

Сведкі Дашкевіча кажуць, што ў калідоры амапаўцы вучаць канспекты з паказаннямі, якія яны павінны даць.

«Мы прыйшлі на дазволенае гарвыканкамам мерапрыемства. Пасля пікетавання нас затрымалі. Калі нас прывезлі ў РАУС, Зміцер ужо ляжаў на падлозе і яго піналі», — гаворыць Сяргей Пальчэўскі.

«Нас пасадзілі ў сіні аўтобус, Дашкевіча паклалі на падлогу. Рамана Ганчарова білі па шчоках і пыталіся, колькі нам плацяць. Ефрэмаў падносіў дубінку да майго твару і пытаўся: ці ведаеш ты, што гэта такое?» — кажа Арцём Леўчанка.

Злева на фота супрацоўнік АМАП, які, па словах Леўчанкі, падносіў дубінку да яго твару.

Журналіста «Радыё Свабода» выправадзілі з залы суда праз здымку відэа.

10:10

Суддзя просіць пацвердзіць, ці быў Дашкевіч на акцыі. Зміцер распавядае, што проста вырашыў выказаць нязгоду, таму з сябрамі раздрукаваў цытаты Леніна і цягам некалькі хвілін праводзіў пікетаванне. Пасля некалькі прадстаўнікоў камуністычных партый накінуліся на яго, а затым супрацоўнікі АМАП панеслі яго ў аўтобус. Зміцер кажа, што хоча спытаць у амапаўцаў, для чаго яны збівалі яго ў аўтобусе.

Суд адмовіўся праглядаць відэазапіс, які знялі журналісты.

Зміцер Дашкевіч перад судовым пасяджэннем.

10:05

Дашкевіч хадайнічае, каб суд вёўся па-беларуску. Суддзя адмаўляе, паколькі ў краіне дзве дзяржаўныя мовы.

Суддзя зачытвае абвінавачванне. Дашкевіч кажа, што кепска разумее рускую мову, але гэта ўсё хлусня.

Дашкевіч далучае сведкаў Пальчэўскага і Леўчанку, якія могуць распавесці, як было насамрэч.

***

Па словах Змітра, 7 лістапада пасля затрымання на адкрыцці новага помніка Леніну па дарозе ў РАУС супрацоўнiкi АМАП збiвалi яго i здзекавалiся.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула