Ecolines выбачылася перад 16-гадовай мінчанкай, якую высадзілі з аўтобуса на ўскраіне Прагі
Міжнародная кампанія Ecolines выбачылася перад беларускай Дыянай Качаргіной, якую 4 лістапада высадзілі з аўтобуса на ўскраіне Прагі. З сітуацыяй разбіралася Еўрарадыё.
А падзеі развіваліся так. Увечары 4 лістапада 16-гадовая мінчанка Дыяна Качаргіна сядае ў Празе ў аўтобус Ecolines, які мусіць давезці яе да Варшавы. Аднак праз некалькі хвілінаў сцюардэса спыняе аўтобус і высаджвае дзяўчыну. На думку супрацоўніцы Ecolines, у пашпарце пасажыркі адсутнічае Шэнгенская віза.
«Яна пабачыла маю брытанскую візу і чамусьці не захацела гартаць пашпарт далей. Некалькі разоў паўтарыла: «Як вы ўвогуле сюды ўехалі?» Таксама гаварыла пра тое, што будуць праблемы, — распаваядае Дыяна Качаргіна. — Аўтобус спазняўся, яна вельмі спяшалася. І, хаця ў пашпарце быў сапраўдны «Шэнген», які дзейнічае да мая 2017 года, спыніла аўтобус на ўскрайку Прагі і высадзіла мяне. Нават не дала часу апрануцца».
Дзяўчына ў шоку. За сем дзён да здарэння яе візу праверылі на беларуска-польскай мяжы, праз якую яна — таксама аўтобусам Ecolines — заехала ў Шэнгенскую зону.
«Я сумелася і не здолела ўпэўніць сцюардэсу дагартаць пашпарт да майго «Шэнгена», бо яна вельмі ціснула на мяне. У выніку давялося начаваць у сяброўкі ў інтэрнаце, — працягвае Дыяна Качаргіна. — На наступны дзень знайшліся знаёмыя, якія ехалі з Чэхіі ў Беларусь. Ім трэба было ў Гомель, але яны давезлі мяне дадому. Што праўда, давялося зрабіць адну начоўку ў Варшаве».
Пасля вяртання ў Беларусь Дыяна і яе мама занеслі скаргу ў мінскі офіс Ecolines.
У ім яны запатрабавалі ў кампаніі прабачэнняў, а таксама кампенсацыі кошту квіткоў і дадатковых выдаткаў, якія панесла сям'я пасажыркі: гэта грошы на харчаванне, незапланаваную начоўку ў Варшаве і маральныя страты. Па словах Дыяны, з імі размаўлялі непрыязна. Прэтэнзію перанакіравалі ў літоўскі офіс кампаніі — той рэйс, з якога знялі дзяўчыну, выконваў літоўскі перавозчык.
«Спярша яны заявілі, што будуць разглядаць скаргу цягам 30 дзён, — распавядае Дыяна. — Але, калі пачаўся розгалас у інтэрнэце, яны напісалі нам паведамленне з прабачэннямі, і паабяцалі кампенсаваць страты, пра якія мы заявілі. Таксама нам паведамілі, што супрацоўніцу, праз якую мяне ссадзілі з аўтобуса, адхілілі ад працы».
У мінскім офісе Ecolines Еўрарадыё пацвердзілі, што сям'я пасажыркі ўжо атрымала адказ на прэтэнзію. Аднак яго зместу там не ведалі — таксама як і ў літоўскім аддзяленні кампаніі.
Аднак у латвійскім офісе Ecolines, дзе разглядаюцца скаргі пасажыраў, нам пацвердзілі: інцыдэнт у Празе сапраўды быў, і кампанія прызнала сваю віну. «Адказ адпраўлены на мінулым тыдні. Прабачэнні прынесеныя, выплачаная кампенсацыя», — дадалі ў Ecolines.