На трасе Мінск—Гродна кіроўца загінуў пры сутыкненні з ласём
На аўтадарозе «Мінск—Гродна» ў Іўеўскім раёне загінуў мужчына, кіроўца «Фіята», які вяртаўся з вахты з Астраўца дадому. За кіламетр ад вёскі Сантакі з правага боку ад машыны выбег лось. Пасля наезду на яго адбылося сутыкненне з сустрэчным мікрааўтобусам «Фольксваген», які рухаўся ў кірунку сталіцы. Кіроўца легкавога аўтамабіля памёр на месцы. Двое ягоных калегаў (таксама маладыя людзі) шпіталізаваны. Адзін з іх змешчаны ў рэанімацыйнае аддзяленне бальніцы. Трэці пасажыр з задняга правага сядзення такой долі пазбег.
У ДАІ рэкамендуюць: калі перад вамі на дарозе з'явілася дзікая жывёла, не трэба спрабаваць аб'ехаць яе — гэта рызыка пры любым раскладзе. Лепш адразу затармазіць і не мяняць паласу. Калі ж, нягледзячы прынятыя меры, адбудзецца наезд, гэта лепш, чым пры аб'ездзе ўрэзацца ў дрэва, перакуліцца ў кювеце або сутыкнуцца з сустрэчным аўто.