БЕЛ Ł РУС

Што сказаў Віктар Шэйман на Дажынках у Воранаве

21.11.2016 / 10:39

СГ

Кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман узяў удзел у гродзенскіх абласных Дажынках у Воранаве. 

Гродзенская афіцыйная абласная газета называе яго першым у пераліку высокіх гасцей свята, перад старшынёй аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым і памочнікам прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Сяргеем Раўнейкам.

«Падзяк і каштоўных падарункаў ад Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, упаўнаважанага кіраўніка краіны па Гродзенскай вобласці і Ганаровага грамадзяніна Воранаўскага раёна Віктара Шэймана ўдастоіліся ў ліку найлепшых аграрыяў вобласці і нашы землякі — галоўны інжынер Вячаслаў Бузук з СВК «Тракельскі» і трактарыст СВК «Місевічы» Міхаіл Орда», — піша воранаўская раёнка.

А абласная газета цытуе Шэймана: «Гродзеншчына ўнікальная сваёй гісторыяй, архітэктурай і традыцыямі. Але самае каштоўнае, што тут ёсць, гэта працавітыя людзі, і вельмі важна, каб гэтых людзей ведала ўся краіна, каб на іх прыкладах выхоўваліся дзеці, вучылася моладзь. У бягучым годзе на Гарадзеншчыне выгадавалі багаты ўраджай. Атрымалі амаль па тоне збожжа на кожнага жыхара вобласці. За дасягненнямі стаіць вельмі шмат чаго — гэта выкананне тэхналагічных працэсаў, высокая арганізаванасць, адказнасць і дысцыпліна».

На абласных Дажынках ганаруюць найлепшых працаўнікоў вёскі. Гродзенская вобласць — перадавая ў Беларусі па сельскай гаспадарцы. Самыя паспяховыя — Гродзенскі і Бераставіцкі раёны. У наступным годзе гродзенскія Дажынкі адбудуцца ў Свіслачы.

Шэйман нарадзіўся ў вёсцы Салтанішкі Воранаўскага раёна. Назва яе паказвае на тое, што яе маглі заснаваць беларускія татары.

Віктар Шэйман — адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі, які працаваў з ім кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта і генеральным пракурорам. Ён лічыцца адным з галоўных творцаў рэпрэсіўнай сістэмы. У дакладзе Рады Еўропы гаворыцца пра магчымую яго датычнасць да выкраданняў і забойстваў людзей. У Беларусі, аднак, гучныя справы Захаранкі і Ганчара, як і іншыя ў гэтым шэрагу, так і не дайшлі да суда.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула