Лідары ЕС дамовіліся з Нідэрландамі аб пагадненні з Украінай
Як паведамляе ВВС, лідары краін Еўрасаюза дасягнулі дамоўленасці ў Нідэрландах, якая дазволіць блоку ратыфікаваць пагадненне аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, паведаміў прэм'ер-міністр краіны Марк Рутэ.
На сённяшні дзень Нідэрланды з'яўляюцца адзінай краінай Еўрасаюза, якая не ратыфікавала пагадненне. Па выніках красавіцкага рэферэндуму больш за 60% выбаршчыкаў выказаліся супраць дамовы з Украінай. Аднак аналітыкі заяўлялі, што, хоць пытанне на рэферэндуме стаяла аб адносінах з Украінай, на самай справе ўдзельнікі галасавання выказалі сваё меркаванне з нагоды Еўрасаюза і яго структур.
Само правядзенне галасавання стала магчымым, пасля таго як еўраскептыкі сабралі каля 450 тысяч подпісаў пад петыцыяй аб правядзенні рэферэндуму. І хоць рэферэндум носіць толькі рэкамендацыйны характар, адразу пасля яго ўлады Нідэрландаў ўступілі ў перамовы з Еўрасаюзам аб тым, каб улічыць яго вынікі. У прыватнасці, Рутэ дамовіўся аб тым, што пагадненне аб асацыяцыі не будзе першым крокам на шляху да сяброўства Украіны ў ЕС і не можа быць выкарыстана як такое ў будучыні.
Цяпер прэм'ер-міністр Нідэрландаў павінен перадаць атрыманыя ад ЕС гарантыі гэтага, патрэбныя для ратыфікацыі пагаднення, на адабрэнне ў парламент краіны. Па словах прэм'ера, сёння неабходна выпрацаваць адзіную пазіцыю ЕС па Украіне на фоне пагрозлівых дзеянняў Расеі, аднак у яго няма ўпэўненасці ў тым, што парламент ухваліць рашэнне краін блока.
«Гэта [дамоўленасць з ЕС] не было проста, гэта не было прыемна, але гэта неабходна, паколькі гэта гарантуе, што ЕС можа працягнуць фарміраваць адзіны фронт супраць дэстабілізацыйнай знешняй палітыкі Расеі», — сказаў Рутэ.