БЕЛ Ł РУС

Мітрапаліт Павел пра «бацюшку са свастыкай»: Сумна, калі святар займаецца не тым, што абяцаў Богу

22.12.2016 / 13:46

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі на штогадовым агульным сходзе Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы пракаментаваў нядаўняе затрыманне былога настаяцеля храма Святога Духа ў пасёлку Гатава Канстанціна Бурыкіна.

«Святар захоўвае боепрыпасы, ды яшчэ нейкую агнястрэльную зброю… Дачакаемся завяршэння следства і даведаемся падрабязнасці. Натуральна, потым наш епархіяльны суд будзе прымаць адпаведнае рашэнне па гэтым пытанні. Сумна, замест таго каб святар займаўся асветніцкай працай, выхаваннем маладога пакалення, ён займаецца не тым, што абяцаў Богу», — падкрэсліў мітрапаліт.

Пры гэтым мітрапаліт распавёў, што скаргі на Бурыкіна паступалі яшчэ да таго, як ён быў затрыманы. «Раніцай 18 лістапада ў нас з ім была размова, я вызваліў яго ад абавязкаў настаяцеля, а пасля абеду даведаўся, што а. Канстанціна арыштавалі. І ён да гэтага часу знаходзіцца пад следствам», — адзначыў Патрыяршы Экзарх.

Як паведамлялася, упраўленне Следчага камітэта па Мінску завяло крымінальную справу ў дачыненні да Канстанціна Бурыкіна, які падазраецца ў незаконным абароце боепрыпасаў. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Дзеянні затрыманага кваліфікаваныя па ч.2 арт.295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да боепрыпасаў) КК.

Расследаванне: як «бацюшка са свастыкай» распараджаўся бюджэтнымі мільярдамі

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула