Менскія чаргавікі могуць будавацца ў вёсках
Ільготныя крэдыты на будаўніцтва жыльля ў Беларусі будуць выдавацца ня толькі па месцы жыхарства. 10 ліпеня быў падпісаны адпаведны ўказ пад нумарам 382.
Цяпер жыхары сельскіх населеных пунктаў, пасёлкаў гарадзкога тыпу й гарадоў раённага падпарадкаваньня змогуць атрымаць ільготны крэдыт на будаўніцтва жыльля ў межах свайго раёну, а ня толькі па месцы пражываньня.
Жыхары сталіцы ды гарадоў абласнога падпарадкаваньня змогуць атрымаць ільготны крэдыт і для будаўніцтва дамоў у сельскіх населеных пунктах.
Указам абмяжоўваецца права прэтэндаваць на льготны крэдыт адным разам. Паўторна стаць у чаргу на льготны крэдыт змогуць толькі шматдзетныя сем’і.
Указ, за выключэньнем некаторых пунктаў, уступае ў сілу заднім днём — з 1 ліпеня 2008 году, паведамляе БЕЛТА.