БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы даказалі, што зялёныя зоны лечаць гараджан

30.01.2017 / 21:49

nn.by

Дрэвы не толькі дапамагаюць нам дыхаць у гарадах. Зялёныя насаджэнні дапамагаюць здымаць стрэс, ствараюць магчымасць для фізічнай актыўнасці і зніжаюць выпадкі хранічных захворванняў у гараджан.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікала ўлады гарадоў свету ствараць як мага больш паркаў, сквераў і невялікіх зялёных куткоў, паведамляе urbanforester.by са спасылкай на Цэнтр навін ААН.

Шапэнаўскія канцэрты ў парку Лазенкі, Варшава. Фота onet.pl

Аўтары дакладу «Зялёныя зоны ў гарадах і здароўе» адзначаюць, што знаходжанне на прыродзе дазваляе людзям збольшага кампенсаваць шкоднае ўздзеянне розных фактараў, такіх як забруджванне паветра, шум і экстрэмальная спякота.

Экспэрты ААН прапануюць азеляняць і грамадскія месцы для актыўнага адпачынку, такія як пляцоўкі для спартыўных гульняў.

А вось у даследаванні Медыцынскай школы Мілера пры універсітэце Маямі (ЗША) гаворыцца, што зялёныя насаджэнні дапамагаюць скараціць колькасць людзей, хворых на гіпертанію, дыябет і гіперліпідэмію: чым вышэйшая канцэнтрацыя зялёных насаджэнняў у горадзе, тым ніжэйшы ўзровень хранічных захворванняў сярод людзей, якія пражываюць там.

Вынікі заснаваныя на даных пра здароўе каля 250 000 чалавек з акругі Маямі-Дэйд (штат Фларыда), сабраныя ў 2010 і 2011 гадах, піша bodryach.com.

Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года ставіць задачу забяспечыць усеагульны доступ да бяспечных, адкрытых для ўсіх і даступных зялёных зон і грамадскіх месцаў адпачынку, у прыватнасці, для жанчын і дзяцей, пажылых людзей і інвалідаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула