Суд па справе загінулай школьніцы: пракурор просіць настаўнікам па 2 гады абмежавання волі
Пракурор просіць прызнаць настаўнікаў сярэдняй школы №11 горада Маладзечна вінаватымі ў неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць школьніцы на ўборцы бульбы. І прысудзіць кожную да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.
Таксама пракурор Вікторыя Паляшчук просіць суд прызначыць кожнай з настаўнікаў штраф памерам 100 базавых велічыняў (2300 рублёў). І забараніць на працягу двух гадоў займаць пасады, звязаныя з бяспекай дзяцей.
— Лічу даказанай віну настаўнікаў Ірыны Апанасевіч і Вольгі Завадcкай, кваліфікацыю іх дзеянняў па ч.2 арт. 165 КК дакладнай. Прашу ўлічыць ступень грамадскай небяспекі, характар і цяжкасць наступстваў, а таксама форму віны - гэта значыць па неасцярожнасці. (…) І таксама ўлічыць характарызуючыя звесткі [абвінавачаных] — выключна станоўчыя з боку калег і бацькоўскага камітэта, — заявіла дзяржабвінаваўца.
Бок абвінавачвання прыйшоў да высновы, што дзяцей адправілі на поле ў рамках адукацыйнага працэсу (у школьным плане значылася акцыя «Дапамажы сабраць ураджай»). Таму педагогі былі адказныя за здароўе і жыццё дзяцей. Але яны не гарантавалі бяспечнага суправаджэння дзяцей да аўтобуса пасля заканчэння работ, і не былі побач з 13-гадовай Вікторыяй Папчэняй у той момант — таму і не бачылі моманту наезду.
Раней абвінавачаныя - 32-гадовая настаўніца французскай мовы Вольга Завадская і 44-гадовая Ірына Апанасевіч, настаўнік фізікі - прызналі сваю віну цалкам.