Міцкевіч: Праект дэкрэта аб лічбавай эканоміцы знаходзіцца на разглядзе
Праект дэкрэта аб лічбавай эканоміцы знаходзіцца на разглядзе, паведаміў журналістам намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Валерый Міцкевіч.
«Цяжка сказаць, калі кіраўніком дзяржавы будзе прынята рашэнне, але дакумент падрыхтаваны і цяпер знаходзіцца на разглядзе. Увогуле ж, вельмі высокая ступень гатоўнасці», — растлумачыў Валерый Міцкевіч. Ён падкрэсліў, што праект дэкрэта — калектыўная праца вялікай колькасці спецыялістаў, у тым ліку прадстаўнікоў ІТ-бізнесу і юрыстаў.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта нагадаў, што 23 лістапада быў падпісаны ключавы дакумент з пакета нарматыўных прававых актаў па спрашчэнні ўмоў вядзення бізнесу. «Некаторыя нормы дэкрэта ўступаюць у сілу з моманту апублікавання, частка нормаў — праз тры месяцы, а сёе-тое — ужо на наступным тыдні. Улічваючы, што кіраўніком дзяржавы прыняты беспрэцэдэнтныя меры па развіцці бізнесу, якія ўтрымліваюцца ў гэтым дэкрэце, усё-ткі трэба нейкі час для падрыхтоўкі і асэнсавання», — адзначыў ён.
Валерый Міцкевіч акцэнтаваў увагу, што ўсе астатнія дакументы, нарматыўныя прававыя акты, законы будуць працаваць толькі ў той частцы, якая не супярэчыць дэкрэтам.
«Гэта вельмі аб'ёмны дакумент, вельмі няпросты, але мы стараліся выкласці яго так, каб ён быў зразумелы і тым, хто займаецца бізнэсам, і тым, хто кантралюе бізнэс. Мне здаецца, што гэта ўдалося, бо некаторыя нормы выкладзены нестандартна — яны выкладзены катэгарычна і канкрэтна, каб было зразумела, што трэба рабіць менавіта так. Думаю, што бізнес натхнёны гэтым дакументам і будзе працаваць на ўздыме», — канстатаваў ён.