У сібірскім Усць-Куце ў пад'ездзе жылога дому выбухнуў газ, загінуў адзін чалавек
3.12.2017 / 8:57
дапоўнена
У расійскім горадзе Усць-Кут Іркуцкай вобласці выбухнуў газ у шматкватэрным пяціпавярховым доме. Абрынуліся перакрыцці паміж першым і другім паверхам на плошчы каля 80 квадратных метраў. Загінуў адзін, а параненыя 5 чалавек, паведамляе Sever138.ru.
Пацярпелы пад'езд дома. Фота: «Наш Север»
Як паведамілі пазней службы МНС, дом не быў газіфікаваны, але ў кватэры на першым паверсе ратавальнікі выявілі газавы балон і цеплавую гармату, якая прымянялася для абагрэву памяшкання падчас рамонтных прац.
Загінуў жыхар кватэры з другога паверха. Пад заваламі можа знаходзіцца яшчэ як мінімум адзін чалавек. Дом, у якім адбыўся выбух, эвакуяваны цалкам да часу, пакуль не будзе ясна, наколькі пашкоджаныя канструкцыі перакрыццяў вышэйшых паверхаў.
Прыкладна месяц таму праз выбух газу абрынуўся цэлы пад'езд дзевяціпавярхоўкі ў расійскім Іжэўску. Следства сцвярджае, што яго ўчыніў псіхічна неўраўнаважаны чалавек, каб адпомсціць сваёй маці.
Фота: «Наш Север».