Чалавецтва перажыло падзенне гіганцкай каметы
Навукоўцы Чыкагскага універсітэта лічаць, што каля 13 тысяч гадоў таму на Зямлю ўпала камета дыяметрам больш за 100 кіламетраў. Касмічнае цела разбілася на фрагменты, якія «бамбардзіравалі» Паўночную і Паўднёвую Амерыку, захад Еўропы і Азіі. Гэта выклікала «астэроідную зіму», масавае выміранне фаўны і вялікія лясныя пажары, паведамляе The Journal of Geology.
У пласце лёду, які ўтварыўся ў познім дрыясе (завяршальны этап апошняга абляднення), выяўленыя анамальная колькасць плаціны, што паказвае на тое, што гэты элемент быў выкінуты ў атмасферу Зямлі ў выніку катастрафічнай падзеі. У той жа час адбыўся рост канцэнтрацыі солі і пылу, што сведчыць пра ўзмацненне вятроў з-за глабальнага змянення клімату.
Таксама ў адкладах лёду выявілі прыкметы глабальных лясных пажараў. Было выяўлена павелічэнне колькасці прадуктаў гарэння біямасы — амонію, аксіду азоту і ацэтату. Плошча знішчанай агнём расліннасці ацэньваецца ў 10 мільёнаў квадратных кіламетраў (9 адсоткаў усёй біямасы Зямлі). У прыватнасці, выгарала большая частка хваёвых лясоў, на месцы якіх выраслі таполі.