Плошча кучы смецця ў Ціхім акіяне ўжо ў 8 разоў перавысіла плошчу Беларусі
26.03.2018 / 22:9
«Смеццевы востраў», што ўтварыўся ў Ціхім акіяне, аказаўся нашмат большым, чым навукоўцы лічылі раней. Вынікі даследавання прыводзяцца ў часопісе Scientific Report.
Частка смецця з Ціхага акіяна. Фота гэтае і ніжэй: Ocean Cleanup Foundatio
Смеццевая пляма з пластыка і іншых адходаў, выкінутых людзьмі, знаходзіцца ў паўночнай частцы Ціхага акіяна. Яе фарміруюць акіянічныя плыні, якія збіраюць усё сусветнае смецце ў адно месца, дзе ягоная канцэнтрацыя даволі высокая.
Раней памеры плямы атрымлівалася ацаніць толькі прыблізна. У новым даследаванні з выкарыстаннем двух самалётаў і 18 лодак навукоўцы склалі дакладную карту смеццевага ўтварэння.
Высветлілася, што ягоная плошча нашмат большая, чым лічылася раней. Яна складае 1,6 мільёна квадратных кіламетраў, што амаль у восем разоў перавышае плошчу нашай краіны (207 тысяч квадратных кіламетраў). Агульная маса ўсяго смецця — 79 тысяч тон. Па дадзеных даследчыкаў, пляма працягвае «расці экспанентна».
«Вынікі трывожныя, яны сапраўды сведчаць аб экстранасці гэтай сітуацыі», — кажа адзін з даследчыкаў.