БЕЛ Ł РУС

Каля касцёла на Залатой Горцы закладаюць новы сад: што там цяпер робіцца ФОТЫ

5.06.2018 / 9:24

Наталля Тур, фота аўтара 

Добраўпарадкаваць тэрыторыю касцёла Святога Роха, што месціцца па праспекце Незалежнасці 44, пачалі ў маі. На сёння знеслі агароджу, што аддзяляла тэрыторыю касцёла ад гаспадарчых пабудоў на скрыжаваннi вуліц Казлова і Чырваназорнай.

«У лістападзе мінулага года гэтую закінутую тэрыторыю, на якой быў сад, замацавалі за касцёлам, — кажа дзяжурная па касцёле Наталля. — Што тут да гэтага рабілася, гэта страх! Тэрыторыя, лічы, нічыя, тут і бамжы, і алкашы. А яблыневы сад быў старэнькім, крывым, а закладзены ж на чалавечых касцях». 

Наталля расказала, што стагоддзе таму тут былі халерныя могілкі: 

«Дом насупраць касцёла пабудавалі ў 50-я гады, і старажылы, з кім мне давялося пагутарыць, расказалі, што памятаюць яшчэ рэшткі тых старых могілак».

Дзякуючы таму, што перад касцёлам пабудавалі жылы дом, яго выратавалі ад разбурэння. 

«Бачыце разбураныя помнікі па ўсей тэрыторыі? Калі касцел аддалі вернікам у 2006 годзе, гэтыя надмагіллі пачалі выкопваць літаральна з зямлі. У 1937 годзе маёмасць касцёла была цалкам разрабаваная. Пасля вайны тут было кнігасховішча, а калі ў савецкай інтэлігенцыі пачалася мода на канцэрты арганнай музыкі, ад філармоніі тут адкрылі камерную залу».

Не так даўно яшчэ адно надмагілле прынёс чалавек з падвала дома насупраць. Іншы прывезлі са звалкі, бо выявілі, што гэтыя пліты з залатагорскіх могілак. Надпісы на помніках зробленыя на латыні, на польскай, рускай, французскай мовах.

«Пробашч касцёла айцец Юры хоча сабраць усе знойдзеныя надмагіллі ў адно месца, і неўзабаве тут з'явіцца мемарыял страчаным залатагорскім могілкам», — расказвае Наталля.

Працы на тэрыторыі касцёла яшчэ шмат. Працуюць рабочыя, якія расказалі, што іх задача была выкарчаваць стары сад, засыпаць усе пяском.

Пасля зрабіць дарожкі, закласці новы сад і зрабіць тэрыторыю касцела прывабнай, куды змогуць прыходзіць людзі, гуляць з дзецьмі або проста пасядзець на лавачцы ў прыгожым скверы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула