БЕЛ Ł РУС

Ва Украіне 21-гадовая студэнтка замерзла ў лесе насмерць — яе высадзілі з маршруткі за неаплачаны праезд?

25.01.2019 / 0:36

Nashaniva.com

У Жытомірскай вобласці Украіны 21-гадовая дзяўчына памерла ад пераахаладжэння пасля таго, як яе нібыта высадзілі з маршруткі паміж населенымі пунктамі.

Цела студэнткі Наваград-Валынскага медыцынскага каледжа Ірыны Дварэцкай знайшлі 10 студзеня ў лесе.

Дакладна вядома, што дзяўчына ехала а 4-й раніцы ў маршрутцы да маці ў жытомірскую бальніцу, і ў яе не было грошай на праезд — 25 грыўняў (каля $1).

Што адбылося ў аўтобусе? Гучаць розныя версіі.

Кіроўца і кандуктар сцвярджаюць, што дзяўчына была п'яная. Маўляў, калі ў яе папрасілі заплаціць за праезд, яна вырашыла на прыпынку выйсці з маршруткі. Перад тым яшчэ і пасварыўшыся па тэлефоне з бацькамі.

Відавочцы ў інтэрнэце апісваюць іншае развіццё падзей. Паводле іх, дзяўчына забылася грошы, таму прапаноўвала ў заклад мабільны тэлефон, паабяцаўшы пасля аддаць грошы. Аднак кандуктар выгнаў яе з маршруткі.

Так ці іначай, дзяўчына рушыла пешшу, прычым вырашыла зрэзаць дарогу праз лес. Там яна заблукала, ды яшчэ і трапіла ў бабровую яму. Студэнтка не змагла выбрацца з яе і замёрзла. Праз два дні яе на месцы гібелі знайшоў бацька.

Як паведамілі пазней украінскія СМІ, паліцыя Жытомірскай вобласці не пацвердзіла, што дзяўчыну высадзілі з маршруткі. Гэта ж не пацвердзіў ніводны са сведкаў — пасажыраў таго рэйсу. Яны кажуць пра тое, што дзяўчына села ў аўтобус на прыпынку ў вёсцы Рудня-Хочынская і сама выйшла на наступным прыпынку Перга, не разлічыўшыся за праезд. Адлегласць паміж дзвюма вёскамі складае 3—5 км.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула