БЕЛ Ł РУС

Аналіз НН: Такі Дзень Волі не паўплывае на беларуска-еўрапейскія адносіны

26.03.2009 / 0:12

Барыс Тумар

Улады правялі поўнамаштабную дэманстрацыю сілы.
У цэнтр гораду былі сцягнутыя Ўнутраныя войскі. На дахах будынкаў сядзелі снайперы. На відне стаялі дзесяткі аўтазакаў і нават - навінка сезону - спіралі Бруна. Тым не менш, больш за 3000 маніфестантаў, пераважна моладзь і пенсіянеры, сабраліся каля Акадэміі навук.

Арганізатары святкавання пайшлі на арыгінальны крок. Каб не ісці на Бангалор, прынізлівы для нацыянальнага свята, і каб не правакаваць ужыцця сілы шэсцем у цэнтр гораду, яны заклікалі ўстаць ланцугом уздоўж праспекту. Людзі зрабілі тое з энтузіязмам. На праспекце запанавала самаарганізацыя.

Група моладзі з некалькіх соцень чалавек скіравалася ў бок цэнтру, але не пайшла на сутыкненні з амонаўцамі. Пры канцы акцыі, вярнуўшыся да Акадэміі навук, моладзь развяла вялікае вогнішча з партрэтаў Лукашэнкі і прапагандысцкае літаратуры.

Арганізатарам удалося элегантна перайграць улады. Жывы ланцуг глядзеўся эфектна, людзям падабалася тое, што яны робяць.
Ужыццю сілы супраць такой падкрэслена мірнай акцыі немагчыма было б знайсці ніякае абгрунтаванне.

Мяркуючы па складзе ўдзельнікаў свята, палітычнай апазіцыі не ўдалося данесці інфармацыю пра акцыю да шырэйшых колаў, а найманыя работнікі не гатовыя да рызыкі палітычнае актыўнасці. У той жа час

транспаранты, прынесеныя звычайнымі людзьмі, мелі пераважна сацыяльны характар —
вынік эканамічнага крызісу ў краіне.

Гэты Дзень Волі не паўплывае негатыўна на беларуска-еўрапейскія адносіны. Што датычыць сілы, арганізаванасці і матывацыі незалежнага грамадства, то

сённяшняя акцыя была больш маштабнаю за аналагічныя ў міжчассі між прэзідэнцкімі выбарамі 2001 і 2006 гадоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула