У Літве частка бізнэсу і крамаў можа аднавіць працу
Delfi.lt
15 красавіка на пасяджэнні ўрада Літвы было прынята рашэнне аб змякчэнні абмежаванняў для часткі бізнэсу. Зможа працаваць малы бізнэс, калі гарантуе патрабаваную бяспеку, паведамляе Delfi.lt.
Прэм'ер-міністр Саўлюс Сквярняліс сказаў, што гэта першы этап змякчэння каранціну для бізнэсу. Адкрыцца змогуць невялікія крамы, уваход у якія знаходзіцца з вуліцы (крамы ў ГЦ пакуль будуць зачыненыя), а таксама пастаўшчыкі бытавых і рамонтных паслуг, калі ўваход у памяшканне да іх вядзе з вуліцы і ёсць магчымасць рэгуляваць паток кліентаў.
Салоны прыгажосці, вулічныя кафэ і спартклубы пакуль не змогуць працаваць.
Па стане на 15 красавіка ў Літве зафіксавалі 1091 выпадак каранавіруса, прычым тэмпы росту ў апошнія дні зменшыліся. 14 красавіка зафіксавалі 21 выпадак заражэння. За ўвесь час памерлі 29 чалавек.