Курэйчык: Любы чалавек можа раніцай атрымаць бюлетэнь і цэлы дзень знаходзіцца з ім на участку
Рэжысёр, сцэнарыст, драматург Андрэй Курэйчык прыдумаў арыгінальны спосаб, як можна абысці абмежаванне на колькасць назіральнікаў на выбарчых участках.
«Улады выкарыстоўваюць усе магчымыя спосабы, каб не даць выявіць сапраўдныя вынікі выбараў. Гэта тычыцца і членаў выбарчай камісіі, і абмежавання колькасці назіральнікаў. Апошняе прывядзе да смерці такога інстытута як незалежнае назіранне, бо застануцца толькі назіральнікі ад праўладных структур і СНД.
Калі атрымаецца дабіцца ад грамадства кансалідаванай пазіцыі, што прыходзіць на ўчасткі трэба выключна 9 жніўня, каб зменшыць уплыў датэрміновага галасавання, то менавіта ў дзень выбараў назіранне можна арганізаваць вельмі проста:
назіральнікі прыходзяць на ўчасткі па месцы сваёй прапіскі (яны ж грамадзяне Беларусі з правам голаса), прыходзяць раніцай, бяруць бюлетэнь, а галасуюць, калі ім зручна. Напрыклад, вечарам.
Цягам дня такім чынам яны могуць спакойна знаходзіцца на ўчастку, натуральна, не парушаючы грамадскі парадак.
Крымінальны кодэкс у нас забараняе любы прымус да галасавання. Чалавека не могуць прымусіць прагаласаваць менавіта зараз — гэта адразу крымінальнае злачынства, можна выклікаць міліцыю.
Выкінуць з участка выбарцу, які ўзяў бюлетэнь, нельга. Ён проста думае пра свой выбар. А чалавек можа думаць колькі заўгодна: пяць хвілін, дзесяць, гадзіну, восем гадзін.
Адначасова можна лічыць «белыя бранзалеты», глядзець, што з яўкай, што адбываецца на ўчастку. Гэта, дзякуй Богу, ніяк не рэгламентавана, няма нормаў, за колькі часу ты павінен прагаласаваць, а калі няма — то знаходзься хоць цэлы дзень, пакуль працуе ўчастак.
Асаблівае значэнне тут будзе мець ідэнтыфікацыя людзей, што прыйшлі галасаваць за перамены: хай гэта белы бранзалет будзе ці нешта іншае. Гэта таксама не забаронена», — сказаў Курэйчык.