Дзяніса Дудзінскага аштрафавалі на 675 рублёў за песні каля БТ
Тэлевядучага Дзяніса Дудзінскага суд аштрафаваў сёння на 25 базавых велічынь.
Па словах суддзі Касцюкевіч, 13 жніўня ля будынка Белтэлерадыёкампаніі Дзяніс Дудзінскі «ў складзе групы грамадзян» прымаў актыўны ўдзел у «несанкцыянаваным пікетаванні».
Спяваў песню «Вецер пераменаў» і выкрыкваў лозунгі «Выходзьце да нас», піша Tut.by.
Дудзінскі быў затрыманы 2 верасня і асуджаны на 10 сутак арышту. Прычым на волю ён выйшаў фактычна праз 12 сутак.
На мінулым тыдні стала вядома, што чакаецца яшчэ адзін адміністрацыйны суд, але паколькі Дудзінскі быў па-за горадам, разгляд новай справы перанеслі на сёння.