БЕЛ Ł РУС

Усё больш краін выкарыстоўваюць пластыкавае смецце як дадатак да асфальту. Выходзяць даўгавечныя дарогі

16.03.2021 / 9:20

Nashaniva.com

У сталіцы Індыі Дэлі машыны ездзяць па тонах пластыкавых пакетаў і бутэлек. За адзін кіламетр кіроўца праязджае прыкладна па тоне пластыкавага смецця. Не, гаворка не пра смецце. Пластык тут дабаўлены ў асфальт.

Фота Depositphotos.com

Гэтая эксперыментальная дарога злучае Дэлі з горадам Мірут. Яе праклалі з выкарыстаннем сістэмы, распрацаванай Раджагапаланам Васудэванам (Rajagopalan Vasudevan), прафесарам хіміі ў інжынерным Каледжы Тыагараджар. Навуковец распрацаваў схему, па якой 10% бітуму замяняецца перапрацаваным пластыкавым смеццем.

Індыя з’яўляецца лідарам па эксперыментах з пластыкавымі дарогамі з 2000-х гадоў. Аднак усё больш краін пачынаюць пераймаць гэты прыклад. Будаўніцтва пластыкавых дарог мае знізіць колькасць пластыку ў прыродзе, а таксама палепшыць якасць і трываласць дарог, піша BBC.

Амерыканская фірма Dow рэалізоўвае праекты пластыкавых дарог у ЗША.

У Вялікабрытаніі такія дарогі з’явіліся ў 2019 годзе дзякуючы кампаніі MacRebur, якая раней пракладае пластыкавыя дарогі ў розных краінах, ад Славакіі да Паўднёвай Афрыкі.

У 2018 годзе ў Нідэрландах кампанія PlasticRoad пабудавала першую ў свеце роварную дарожку цалкам з перапрацаванага пластыку, без кроплі бітуму. Кампанія сарціруе, мые і здрабняе пластыкавае смецце, пасля чаго вырабляе поліпрапілен — від пластыку, з якога вырабляюць закруткі бутэлек, упакоўкі касметыкі і пластыкавыя саломінкі.

Такім чынам, дарогі ад PlasticRoad амаль цалкам будуюцца з перапрацаванага пластыку з вельмі тонкім слоем мінеральнага запаўняльніка. На кожны квадратны метр такой дарогі ідзе 25 кг пластыку.

У Індыі выкідваюць ажно 3,3 мільёна тон пластыку штогод. Гэта і стала адной з галоўных матывацый, каб прыстасаваць пластыкавае смецце да будаўніцтва дарог.

Індыйскі інжынер прыдумаў працэс, які не патрабуе высокатэхналагічнага абсталявання. Спачатку здробленае пластыкавае смецце раскідваюць на запаўняльнік з пяску і шчэбеню, пасля награваюць да 170 °C — гэтай тэмпературы дастаткова, каб пластык расплавіўся. Расплаўлены пластык тонкім слоем пакрывае запаўняльнік. Зверху дадаюць нагрэты бітум, які спрыяе зацвердзяванню запаўняльніка, у выніку чаго атрымліваецца якасная і трывалая дарога.

У гэту сумесь можна дадаюць розныя віды пластыку: пакеты, аднаразовыя кубачкі, шматслойныя плёнкі, якія цяжка апрацоўваць, поліэтылен — усё гэта трапіла на дарогі Індыі.

Тэхналогія зусім простая: перад выкарыстаннем пластыку не трэба яго сартаваць або мыць перад драбненнем.

Аўтары тэхналогій сцвярджаюць, што пластык павялічвае даўгавечнасць дарог, запавольвае знос дарожнага пакрыцця і ўзнікненне ямак. Самыя першыя пластыкавыя дарогі ў Індыі з’явіліся 10 гадоў таму, на іх пакуль што няма ніводнай яміны.

Пластыкавыя дарогі могуць вытрымліваць вялікую нагрузку і інтэнсіўны рух. І іх не размывае дождж.

Па разліках Васудэвана, выкарыстанне пластыку ў дарогах, замест яго спальвання, значна паменшыць выкіды вуглякіслага газу. Згаранне колькасці пластыку, які выкарыстоўваецца ў адным кіламетры дарогі, прыводзіць да выкіду трох тон вуглякіслага газу.

У 2015 годзе Васудэван бясплатна перадаў ураду патэнт на гэтую сістэму. З таго часу індыйскае кіраўніцтва зрабіла абавязковым выкарыстанне пластыкавага смецця пры будаўніцтве дарог каля вялікіх гарадоў з насельніцтвам больш за 500 тысяч. Усяго ў краіне пракладзена 2500 км пластыкавых дарог, і гэтая лічба толькі расце.

Васудэван перакананы, што пластыкавыя дарогі будуць станавіцца ўсё больш папулярнымі не толькі па экалагічных прычынах, але і таму, што яны даўгавечныя.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула