БЕЛ Ł РУС

Зяленскі папрасіў Байдэна сустрэцца з ім перад самітам з Пуціным

7.06.2021 / 12:9

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны ў інтэрв'ю Axios заклікаў прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сустрэцца з ім да 16 чэрвеня, калі ў швейцарскай Жэневе пройдзе расійска-амерыканскі саміт.

president.gov.ua

«Разумею, што праз планы, якія мае Байдэн, і яго жорсткі графік гэта можа не адбыцца, але выбар застаецца толькі за ім. З'яўляючыся гарантам Канстытуцыі Украіны, я гатовы абараняць Украіну ў любы момант і ў любым пункце планеты, і я гатовы сустрэцца з ім (Байдэнам) і абмеркаваць усе гэтыя дэталі перад сустрэчай (Пуціна і Байдэна)», — цытуе Зяленскага ria.ru.

Украінскі прэзідэнт адзначыў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША не апавясціла яго аб тым, што Байдэн адмовіцца ад санкцый супраць аператара газаправода «Паўночная плынь — 2». Па словах Зяленскага, ён даведаўся пра гэта з прэсы, піша meduza.io.

Зяленскі лічыць, што расійскі газаправод пагражае нацыянальнай бяспецы Украіны, а ЗША — адзіная сіла, здольная спыніць Расію.

Крыніца Axios у Белым доме паведаміла, што адміністрацыя Байдэна збіралася зладзіць сустрэчу з прэзідэнтам Украіны перад самітам у Жэневе, але адмовілася ад гэтай ідэі пасля таго, як Зяленскі вырашыў змяніць кіраўніцтва «Нафтагаза». У ЗША асцерагаюцца, што так украінскі прэзідэнт адступае ад сваіх намаганняў па барацьбе з карупцыяй.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула