Ізраіль стаў першай краінай у свеце, якая забараніла продаж футра
Ізраіль стаў першай у свеце краінай, якая забараніла продаж футра жывёл для індустрыі адзення. Адпаведны дакумент падпісала міністр аховы навакольнага асяроддзя краіны Гіла Гімліэль.
Як паведамляе Jerusalem Post, забарона ўступіць у сілу праз шэсць месяцаў.
«Індустрыя футра становіцца прычынай гібелі сотняў мільёнаў жывёл па ўсім свеце, неапісальнай жорсткасці і пакут», — заявіла яна, назваўшы выкарыстанне футра і скуры жывёл амаральным і залішнім.
Гімліэль таксама выказала надзею, што прынятае рашэнне зробіць ізраільскі рынак моды больш экалагічна чыстым.
Такім чынам Ізраіль першым у свеце забараняе продаж вырабаў з футра ў маштабах усёй дзяржавы. На рэгіянальным узроўні такую забарону першай увяла Каліфорнія ў 2019 годзе.