БЕЛ Ł РУС

Дзярждэп ЗША заклікаў Кітай прыняць меры для зніжэння рызыкі ядзернай вайны

2.07.2021 / 8:35

Nashaniva.com

Вашынгтон занепакоены звесткамі пра нарошчванне Кітаем ядзернай праграмы і заклікае Пекін прыняць практычныя меры па зніжэнні рызык. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс, трансляцыя яго выступлення апублікаваная на старонцы ведамства ў Twitter.

Так, падчас брыфінгу Прайс адказаў на пытанне журналіста пра артыкул у газеце The Washington Post, згодна з якім у паўночнай частцы КНР пачалося будаўніцтва 119 пускавых шахт для міжкантынентальных балістычных ракет.

«Будзе справядліва сказаць, што гэтыя звесткі, а таксама іншыя падзеі паказваюць на тое, што ядзерны арсенал Кітая будзе расці значна хутчэй і на больш высокім узроўні, чым раней меркавалася. Такое нарошчванне выклікае занепакоенасць і пытанні аб намерах Кітая», — сказаў ён.

На думку Прайса, такія будоўлі ўсё цяжэй схаваць, яны таксама дэманструюць, як «Кітай, падобна, адхіляўся ад ядзернай стратэгіі, заснаванай на мінімальным стрымліванні». Прайс дадаў, што ў ЗША не раз заклікалі Пекін да практычных мер для зніжэння рызык гонкі ўзбраенняў і дээскалацыі напружанасці.

«Менавіта таму прэзідэнт Джо Байдэн лічыць прыярытэтнай стратэгічную стабільнасць і ўзаемадзейнічае з прэзідэнтам [Расіі Уладзімірам] Пуціным. Тая ж аснова будзе ўжывацца да ўзаемадзеяння з іншай ядзернай дзяржавай — Кітаем», — падсумаваў Прайс.

Раней высокі прадстаўнік ААН па пытаннях раззбраення Ідзумі Накаміцу заявіла аб узрастаючай рызыцы прымянення ядзернай зброі ў свеце, адзначае РБК. Па яе словах, у арганізацыі вельмі занепакоеныя такімі перспектывамі. Сярод прычын цяперашняй сітуацыі Накаміцу назвала нарошчванне шматпалярнага ядзернага парадку, рэгіянальную напружанасць і гонку ўзбраенняў. «Мы назіраем адсутнасць дыялогу, зніжэнне празрыстасці. Рэжым кантролю над узбраеннямі працягвае разбурацца», — сказала яна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула