БЕЛ Ł РУС

Распаўсюджваецца інфармацыя, што беларускія войскі зайшлі ў Чарнігаўскую вобласць. Здаецца, тэрабарона проста няправільна ідэнтыфікавала расійскія знакі

1.03.2022 / 14:24

Nashaniva.com

Пра беларускія войскі ва Украіне паведаміў спікер рэгіянальнага ўпраўлення сіл тэрабароны «Поўнач» Віталь Кірылаў. Па яго словах, калону тэхнікі заўважылі сёння і ідэнтыфікавалі па маркіроўцы.

Пазней у прэс-службе аператыўнага камандавання «Поўнач» дадалі, што прысутнасць беларускіх войскаў на Чарнігаўшчыне фіксуюць ужо трэці дзень. Ідэнтыфікуюць іх па маркіроўцы ў выглядзе знака «О». Таксама там дадалі, што ў беларусаў слабы баявы дух і яны не хочуць ваяваць супраць украінцаў. 

Але дакументальных пацвярджэнняў прысутнасці беларусаў ва Украіне (фота, відэа, дакументаў) няма. Іншых крыніц, акрамя Кірылава, няма таксама.

Раней па ўкраінскіх тэлеграм- і тэлеканалах дэманстравалі табліцу распазнавання сімвалаў на расійскай вайсковай тэхніцы, дзе сімвалам O абазначаныя «сілы з Беларусі».

Калі з’явілася відэа са знакам «О» на тэхніцы, былі зробленыя высновы, што на Чарнігаўшчыну ўвайшлі беларусы. 

Насамрэч, на ўсіх відэа з Беларусі вайсковая тэхніка Расіі мела сімвал V.

Пакуль няма ніводнага пацверджання ўдзелу беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне. Лукашэнка ўсяляк гэта таксама абвяргае. У той жа час ён прызнаў, што ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны наносіліся з тэрыторыі Беларусі і на аснове звестак беларускай разведкі. 

Шматлікія відэазапісы і здымкі са спадарожнікаў таксама даказваюць, што расійскія войскі ўварваліся ва Украіну ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, і беларускія сілавыя структуры ніяк гэтаму не супрацьдзейнічалі.

У той жа час тысячы беларусаў узялі ўдзел у акцыях пратэсту супраць нападу на Украіну. Вядома пра як мінімум 865 затрыманых на іх.

Калі з’явяцца дакументальныя пацверджанні прысутнасці беларускіх вайскоўцаў ва Украіне, мы пра гэта паведамім. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула