За абразу Лукашэнкі ў Светлагорску асудзілі былога работніка «Хімвалакна»
У судзе Светлагорскага раёна 22 ліпеня быў вынесены прысуд па крымінальнай справе работніка «Хімвалакна» Алега Чычыкайлы, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядала суддзя Галіна Гулевіч, паведамляе «Вясна».
Пра яго затрыманне стала вядома 31 мая, а 3 чэрвеня яго змясцілі пад варту ў СІЗА-3 у Гомелі.
Па матэрыялах абвінавачання, Чычыкайла пакінуў у інтэрнэце каментарый, які палічылі абразлівым у дачыненні да Лукашэнкі.
Судовыя пасяджэнні праходзілі ў будынку былога прафесійнага ліцэя хімікаў, дзе часова размяшчаецца суд Светлагорскага раёна ў сувязі з рэканструкцыяй існуючага будынка.
Суд прызнаў Чычыкайлу вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на паўтара года.
Ужо ў панядзелак, 25 ліпеня ў светлагорскім судзе зноў будуць судзіць за «абразу прэзідэнта». У якасці абвінавачанай будзе жыхарка Светлагорскага раёна Наталля Леановіч.